Мінск 12:17

Дэдаларызацыя эканомікі зніжае рызыкі страт ва ўмовах санкцый — Калаур

Фота: "Позірк"

29 лютага, Позірк. Павелічэнне дынамікі пераходу на нацыянальную валюту, у тым ліку ў знешнегандлёвых разліках, — пазітыўны фактар для банкаўскай сістэмы, паколькі “зніжаюцца рызыкі страт ва ўмовах санкцый”, калі валютныя сродкі могуць апынуцца замарожанымі ў сілу “прадузята скрупулёзнай” праверкі контрагента на адпаведнасць патрабаванням заканадаўства і пэўным стандартам з боку замежных банкаў.

Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” заявіў кіраўнік Нацыянальнага банка Павел Калаур.

Паводле яго слоў, “рэстрыкцыі генеруюць і іншыя перадумовы для форс-мажорных абставінаў”, у той час як “пры працы з нацыянальнай валютай гэтыя рызыкі выключаюцца”.

“У краіне рэалізуецца канцэпцыя павышэння даверу да нацыянальнай валюты. Неабходна максімальна пашырыць выкарыстанне беларускага рубля ўсімі ўдзельнікамі эканамічных адносін, павысіць яго долю ў структуры банкаўскіх крэдытаў і дэпазітаў. З гэтай задачай мы паспяхова спраўляемся”, — лічыць Калаур.

Старшыня праўлення Нацбанка паведаміў, што ў 2023 годзе доля дэпазітаў у нацыянальнай валюце павялічылася на 6 працэнтных пунктаў, “рос попыт на крэдытныя рэсурсы ў беларускіх рублях з боку карпаратыўнага сектара, а цікавасць да пазык у доларах і еўра скарачаўся”.

У зацверджаных Нацыянальным банкам “Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2024 год” заяўлялася аб захаванні курсу на “скарачэнне выпадкаў выкарыстання замежнай валюты ў разліках паміж рэзідэнтамі”, пераходзе да “намінавання коштаў, тарыфаў і іншых плацяжоў на тэрыторыі Беларусі выключна ў нацыянальнай валюце”.

Дзеля гэтага Нацбанк плануе прымаць дакументы ў сферы валютнага рэгулявання і кантролю, удзельнічаць ва ўзгадненні законапраектаў, якія “прадугледжваюць выключэнне выпадкаў выкарыстання замежнай валюты на тэрыторыі Беларусі, а таксама прывязкі цэн (тарыфаў) да замежнай валюты”, прадпрымаць іншыя дзеянні па плане “дэдаларызацыі” эканомікі.

У траўні 2022 года на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заклікаў калег адмовіцца ад узаемаразлікаў у доларах і еўра. У снежні таго ж года Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку (Кыргызстан) заявіў, што “эпоха дамінавання долара” завяршаецца, гэта нібыта “ўжо ўсім зразумела”.

Міністэрства замежных спраў Расеі ў студзені 2023 года падчас справаздачы пра вынікі 2022-га заявіла, што адмова ад долара і еўра ва ўзаемаразліках на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза — “не аднаразовы працэс”, “казаць аб поўнай адмове ад выкарыстання долара і еўра ва ўзаемаразліках у ЕАЭС пакуль заўчасна”.

Амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты летась у красавіку паведаміў, што паміж Мінскам і Масквой “85% гандлю ажыццяўляецца ў нацыянальных валютах”. Пры гэтым ён не ўдакладніў, як размяркоўваюцца прапорцыі паміж беларускай і расійскай валютамі.

У канцы траўня старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што доля нацыянальнай валюты пры разліках Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай супольнасці складае каля 4%.

Падзяліцца: