Мінск 02:23

Песня “10 мільёнаў рабоў” гурта “Дай Дарогу” і шэраг рэсурсаў у інтэрнэце прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Крыніца: humanconstanta.org

29 лютага, Позірк. Песня “10 мільёнаў рабоў” панк-рок-гурта “Дай Дарогу” (музыкі знаходзяцца за мяжой) уключана ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі.

Згодна з абноўленым дакументам, у пералік таксама ўключаны:

— тэлеграм-каналы і чаты “Беларусы и Ко в Эстонии 97”, “Твари Добруша”,  “‡ ASED.ВY ‡”, “Княства базаванае”;

— акаўнт у “Інстаграме” “libertas_belarus” і яго лагатып;

— ютуб-каналы “ЖестЬ Доброй Воли”, “Саша, что ты несешь?!” (аўтарскі праект рэдакцыі сайта reform.by);

— відэаролік “Навошта Лукашэнку выбары і што рабіць апазіцыі”, сацсеткі і лагатып праекта “Хай так TV” (арганізаваны тэлеканалам “Белсат”);

— сайт і сацсеткі праекту “Association of Belarusians in America” і НДА “Прававая ініцыятыва”;

— мабільны дадатак “Радыё Свабода”;

— чат-бот “BELPOL”;

— старонкі ў “Аднакласніках”  “Вольная Беларусь”, у “Ціктоку” — “ЖестЬ Доброй Воли”, “witzmag”, “Виктория Райская”, “Małaja”, “Artem”, “madeinminsk”, “Типичный Борисов Беларусь”, “ОБЫЧНОЕ УТРО” (журналистсцкі праект), “damkretor”.

У спісе “экстрэмісцкіх матэрыялаў” знаходзіцца некалькі песень і кліпаў розных музычных гуртоў, у тым ліку “Дай Дарогу”. Тэкст песні гэтага гурта “Экстрэміст” і кліп на яго былі ўключаныя ў яго ў лютым 2023 года.

У бягучым месяцы акрамя названай вышэй кампазіцыі ў пералік унеслі кліп “Лукашенко – МАЛЬЧИК НА ИСТРЕБИТЕЛЕ (feat. Ryanair) [Пиратская версия песни “Мальчик на девятке”]”.

У лютым 2023 года адпаведным статусам нададзены сатырычная песня “Наш дом Беларусь” (створана ў 1990-х гадах), у чэрвені — “Герои РОА” расійскага праварадыкальнага рок-гурта “Коловрат”.

У канцы жніўня 2022 года “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаны “інфармацыйная прадукцыя, сацсеткі і лагатып” рагачоўскай групы (Гомельская вобласць) Tor Band, якая стала папулярнай дзякуючы пратэстным песням у 2020 годзе.

31 кастрычніка мінулага года Гомельскі абласны суд прыгаварыў вакаліста і гітарыста групы Дзмітрыя Галавача да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, ударніка Яўгена Бурло — да васьмі, бас-гітарыста Андрэя Ярэмчыка — да сямі з паловай. Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда адхіліла апеляцыйныя скаргі музыкаў.

Музыкаў прызналі вінаватымі на падставе ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці), ч. 1 і 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: