Мінск 07:50

За некалькі гадоў у Беларусі будзе пабудавана больш за 4 тыс. кватэр для вайскоўцаў — Мінабароны

Міністр абароны Віктар Хрэнін дорыць цацкі дзецям вайскоўцаў на наваселле
Фота: прэс-служба Мінабароны

29 лютага, Позірк. Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі з’яўляецца “клопат аб вайскоўцах”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін падчас цырымоніі здачы ў эксплуатацыю двух дамоў на 143 кватэры для іх у Брэсце 29 лютага

Як зазначае прэс-служба ведамства, ключы ад арэнднага жылля атрымалі сем’і вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу Брэсцкага гарнізона.

Паводле словаў міністра, на працягу некалькіх гадоў будзе пабудавана больш за 4 тыс. кватэр для вайскоўцаў.

“Я перакананы, што мы яшчэ з большай аддачай, добрасумленна і прыстойна будзем захоўваць мір, стабільнасць, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць нашай краіны”, — рэзюмаваў Хрэнін.

Згодна з указам ад 13 лютага 2023 года № 37 “Аб арэндным жыллі для вайскоўцаў”, яно бязвыплатна перадаецца ва ўласнасць пры наяўнасці 25 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе. Пры 20 гадах выслугі жыллё “перадаецца на платнай аснове, з магчымасцю аплаты яго кошту ў растэрміноўку да 15 гадоў”.

Дакумент прадугледжвае і іншыя варыянты далейшага выкарыстання жылля. Для тых, хто не жадае набываць арэндную жылплошчу ва ўласнасць, мае выслугу 20 каляндарных гадоў і звольнены ў запас, “захоўваецца права валодання і карыстання гэтым жыллём з магчымасцю падаўжэння дамовы найму да паляпшэння імі жыллёвых умоў”.

Членам сям’і вайскоўца, які загінуў у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, займанае імі арэнднае жыллё будзе перадавацца ва ўласнасць бязвыплатна незалежна ад выслугі гадоў.

За членамі сям’і вайскоўца, які памёр па іншых прычынах у перыяд праходжання службы, “захоўваецца права валодання і карыстання арэндным жыллём на ранейшых умовах да паляпшэння імі сваіх жыллёвых умоў”.

Дзеянне дакумента распаўсюджваецца на вайскоўцаў і прыраўнаваных да іх асоб, якія праходзяць службу ў Мінабароны, МУС, МНС, КДБ, Дзяржпагранкамітэце, Службе бяспекі прэзідэнта, ААЦ, Камітэце дзяржкантролю, цэнтральных апаратах СК і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, а таксама ў арганізацыях, якія ўваходзяць дадзеных дзяржаўных органаў або падпарадкаваных ім.

Падзяліцца: