Мінск 14:53

Экс-палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Фота: сацсеткі Андрэя Кудзіка

2 сакавіка, Позірк. Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

9 лютага суд Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт старонкі “Андрэй Кудзік” у “ЦікТоку”. Неўзабаве пасля гэтага, 15 лютага, мужчына перастаў выходзіць на сувязь.

Пасля стала вядома, што Кудзіка на 15 сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Вілейцы (Мінская вобласць). Канкрэтныя прэтэнзіі, а таксама артыкул, паводле якога ён атрымаў адміністрацыйнае пакаранне, невядомыя.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, актывіста з Вілейкі “неаднаразова пераследавалі за пікетаванне і выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі на працягу 2020 і 2021 гадоў: затрымлівалі, штрафавалі, арыштоўвалі”.

У лютым 2022-га Кудзік быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мужчына ад дачы паказанняў адмовіўся, віну не прызнаў. Выйшаў на волю 18 ліпеня 2023 года.

Летась у кастрычніку Кудзіка арыштавалі на 15 сутак “за віншаванне Украіны з Днём незалежнасці” ў “ЦікТоку”.

Падзяліцца: