Мінск 21:48

Кавалеўскі абмеркаваў з прадстаўнікамі інстытутаў улады ЕС дзеянні па вываду Беларусі з крызісу

Намеснік кіраўніка АПК Валерый Кавалеўскі і эксперт кабінета старшыні Еўракамісіі Фернанда Андрэсэн Гімараэш (злева направа)
Фота: старонка Кавалеўскага ў сацыяльнай сетцы Х

2 сакавіка, Позірк. Пытанні “далейшай каардынацыі сумесных дзеянняў на шляху да дэмакратычнай і суверэннай Беларусі” абмеркаваў з прадстаўнікамі інстытутаў улады Еўрасаюза падчас візіту ў Брусэль намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валер Кавалеўскі.

Паводле інфармацыі прадстаўніцтва АПК па замежных справах, якое ўзначальвае палітык, ён разам з кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў сталіцы ЕС Уладзімірам Астапенкам правёў кансультацыі са старшым дарадцам па знешняй палітыцы кабінета прэзідэнта Еўрапейскага савета Магдаленай Грона, экспертам кабінета старшыні Еўракамісіі Фернандам Андрэсэнам Гімараэшам.

Адбыліся перамовы з прадстаўнікамі сакратарыята Еўрапарламента, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, генеральных дырэктаратаў Еўракамісіі — па пытаннях суседства і перамоў па пашырэнні ЕС, а таксама па міграцыі і ўнутраных справах.

Адзначаецца, што на сустрэчах падымаліся пытанні ўзаемадзеяння беларускіх дэмакратычных сіл і еўрапейскіх структур; міграцыйных праблем, у тым ліку спрашчэння легалізацыі беларусаў у краінах ЕС; “непрызнання псеўдавыбараў”, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі правёў з “грубымі парушэннямі дэмакратычных працэдур і міжнародных абавязацельстваў”.

“Прыярытэтная ўвага надавалася пытанням захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, задачы вызвалення палітычных зняволеных, стварэнню ўмоў для прыцягнення хаўруснікаў рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, саўдзел у агрэсіі і ваенныя злачынствы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Галоўная задача кансультацый, як заяўлена, палягае ў “абмене актуальнай інфармацыяй пра крызіс у Беларусі, каардынацыі падыходаў і планаванні супольных дзеянняў па яго вырашэнні”.

“Падчас кансультацый важна не толькі чуць пра рашучасць Еўрасаюза падтрымліваць надалей беларускія дэмакратычныя сілы ў дасягненні мэты вызвалення Беларусі ад дыктатуры, але і бачыць гатоўнасць да рэалізацыі практычных крокаў”, — сказаў Кавалеўскі.

Візіт у Брусэль адбыўся адразу пасля працоўных паездак у Мюнхен, Нью-Ёрк і Жэневу, адзначае прадстаўніцтва АПК па замежных справах.

Кавалеўскі: Беларусь чакае больш рашучых дзеянняў з боку ЕС

28 лютага, Позірк. Падчас "так званых выбараў" у Беларусі не было выканана ніводнай умовы сапраўднай выбарчай кампаніі, заявіў намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўнік па замежных справах Валерый Кавалеўскі на іх абмеркаванні ў Еўрапейскім парламенце, паведамляе прэс-служба АПК. Незалежныя СМІ, …
Падзяліцца: