Мінск 04:13

У дачыненні да праваабаронцы Судаленкі распачатая спецвытворчасць

Фота: сайт праваабарончага цэнтра "Вясна"

4 сакавіка, Позірк. Следчы камітэт паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гомельскага праваабаронцы, экс-палітвязня Леаніда Судаленкі.

Заяўляецца, што спецвытворчасць распачатая 1 сакавіка паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), Судаленку прапануецца з’явіцца ў тэрытарыяльны аддзел СК па адрасе Гомель, вул. Войкава, 87.

Спецвытворчасць таксама распачатая ў дачыненні да Юрыя Шчучко — паплечніка і калегі Віталя Шышова, кіраўніка грамадскай арганізацыі “Беларускі дом ва Украіне”, якога знайшлі павешаным у Кіеве ў 2021 годзе. Па факце смерці Шышова праводзілася расследаванне, аб выніках якога не паведамлялася.

Шчучко абвінавачваецца паводле арт. 188 (паклёп), ч. 3 арт. 2031 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных), ч. 1, 2 арт. 340 (загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы), ч. 1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 391 (абраза суддзі) КК.

Судаленка быў затрыманы 18 студзеня 2021 года, яго абвінавацілі ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні” (ч. 1 і 2 арт. арт. 342 КК).

3 лістапада 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Сяргей Салоўскі) прыгаварыў праваабаронцу да трох гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Вызваліўся пасля адбыцця пакарання ў ліпені 2023 года і пакінуў краіну.

У лістападзе мінулага года супраць яго распачатая новая крымінальная справа паводле таго ж арт. 3614 КК.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Магчыма па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Падзяліцца: