Мінск 16:26

Ціхноўская заклікала далучыцца да маршу ў памяць аб загінулай у Варшаве беларусцы

Крыніца: старонка дабрачыннай арганізацыі Fundacja Kraina ў "Фэйсбуку"

4 сакавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заклікала далучыцца да маршу “Яе звалі Ліза” ў памяць аб загінулай у Варшаве 25-гадовай беларусцы. Акцыя запланаваная ў сталіцы Польшчы на 6 сакавіка, пачатак а 18:00 па адрасе ul. Żurawia, 47 — там, дзе адбылося злачынства.

“На жаль, мы не можам вярнуць Лізу. Але мы можам быць яе голасам, быць голасам усіх жанчын, якія спазналі гвалт. Бо пра гэта нельга маўчаць”, — адзначыла Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале. 

Дэмлідар заклікала ўшанаваць памяць аб суайчынніцы і заявіць “пра тое, што мы не мірымся з гвалтам”.

“Мы павінны адрэагаваць зараз. Мы вінны ёй. Мы выходзім на вуліцы ў яе гонар і ў памяць аб усіх жанчынах, якія падвергліся сэксуалізаванаму гвалту. Мы не жадаем баяцца. Мы не жадаем, каб баяліся нашы дачкі і нашыя сяброўкі”, — гаворыцца на старонцы дабрачыннай арганізацыі Fundacja Kraina ў “Фэйсбуку”.

Арганізатары падкрэсліваюць: “Неабходны ваш праведны гнеў — прыходзьце на месца злачынства ў сераду <…>, адтуль мы пройдзем да Палаца культуры. Апраніцеся ў чорнае, ушануйце памяць Лізы так, як вам здаецца найболей годным. Мы не жадаем баяцца, калі ідзем адны. Лізавета ішла адна. Цяпер пайсці мусім усе мы”.

1 сакавіка польскія медыя паведамілі, што грамадзянка Беларусі, якая 25 лютага зазнала згвалтаванне і спробу забойства ў польскай сталіцы, памерла ў шпіталі. Пацверджаная смерць мозгу, заявіла прадстаўніца Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Барбара Меткоўска.

Памерлую звалі Лізавета, прозвішча не паведамляецца.

Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла дзяржаўным СМІ, што накіравала ў праваахоўныя органы Польшчы “адпаведныя запыты”, паколькі “ў беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў альбо афіцыйнай інфармацыі” адносна смерці беларускі “не паступала”.

Пасля нападу дзяўчына так і не прыйшла ў прытомнасць, увесь гэты час яна была падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі адной з варшаўскіх клінік.

Па справе аб нападзе на беларуску затрыманы 23-гадовы мужчына. Ён арыштаваны на тры месяцы.

 

Падзяліцца: