Мінск 06:51

Абхазія зноў заявіла пра жаданне далучыцца да Саюзнай дзяржавы

Крыніца: tourister.ru

5 сакавіка, Позірк. Аб зацікаўленасці Абхазіі ва ўступленні ў Саюзную дзяржаву (СД) Расіі і Беларусі заявіў 5 сакавіка міністр замежных спраў гэтай самаабвешчанай дзяржавы Інал Ардзінба.

“Адна з ключавых задач сёння — гэта беларускі праект. Хоць у нас і няма пакуль дыпламатычных адносін з Беларуссю, былі ажыццёўленыя ўзаемныя візіты кіраўнікоў дзяржаў. Мы разумеем, што шлях да Саюзнай дзяржавы досыць доўгі, прадметны, складаны, тым не менш у нас істотная, пераважная частка насельніцтва краіны падтрымлівае такі падыход”, — цытуе ТАСС Ардзінбу.

Пра тое, што Абхазія “хоча быць разам з Беларуссю і Расіяй”, заявіў 21 лютага кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Аслан Бжанія.

Паводле яго слоў, СД — гэта”фармат, пры якім незалежныя дзяржавы дамаўляюцца на ўзаемавыгадных умовах аб стварэнні наддзяржаўных структур”.

Сухумі, падкрэсліў Бжанія, “гатовы да гэтага”, але неабходна “прайсці пэўны этап, павінны быць падрыхтаваныя нарматыўныя акты, і гэтая гісторыя можа заняць прыкладна 5–10 гадоў, гэтак жа, як гісторыя, звязаная з прызнаннем незалежнасці Абхазіі Расіяй”.

Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі. Яе незалежнасць прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію актыўна падтрымала РФ, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.

Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.

28 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка пасля працяглага знаходжання ў Сочы і перамоваў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным раптам наведаў Піцунду і сустрэўся з Бжаніяй. Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі і МЗС краіны асудзілі гэты крок.

21 лютага 2023 года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску. Кіраўнік грузінскай дзяржавы і знешнепалітычнае ведамства зноў раскрытыкавалі беларускія ўлады за падобныя кантакты ў абыход Тбілісі.

Праз тыдзень пасля той сустрэчы стала вядома, што Абхазія плануе пастаўляць у Беларусь віны і іншыя тавары, а наўзамен хоча атрымліваць малочную прадукцыю.

Падзяліцца: