Мінск 15:45

Абвешчаны збор на пахаванне беларускі, якая памерла ў Варшаве пасля згвалтавання

Беларуска Лізавета, якая памерла ў Варшаве
Крыніца: pomagam.pl

5 сакавіка, Позірк. 25-гадовы Данііл, малады чалавек беларускі Лізаветы, якая памерла ў Варшаве пасля згвалтавання, паведаміў пра збор сродкаў на яе пахаванне.

Паводле яго слоў, апублікаваных на дабрачыннай платформе pomagam.pl, сабраныя раней “больш за паўмільёна злотых” прызначаліся на лячэнне і рэабілітацыю, і паколькі “Лізу выратаваць не ўдалося”, выкарыстоўваць гэтыя грошы на пахаванне нельга.

Платформа ўжо пачала вяртаць сродкі ахвярадаўцам, адзначыў мужчына.

“Я зноў прашу вас аб дапамозе, — сказаў ён. — Цяпер стаіць пытанне пахавання, аплаты месца на могілках і спадарожных выдаткаў. Ліза была ў Польшчы бежанкай — адна, без сям’і. Яна не была застрахаваная. Пытанне пахавання Лізы — цяпер мая адказнасць і задача, таму адкрыты гэты збор. Сабраныя сродкі будуць выкарыстаныя на пакрыццё выдаткаў на пахаванне, юрыдычную дапамогу і падтрымку блізкіх у гэтай трагічнай сітуацыі”.

Паводле падлікаў Данііла, які з’яўляецца грамадзянінам Украіны, “самы сціплы від звычайнага пахавання” ў Польшчы каштуе ад 10 тыс. злотых (каля 2,5 тыс. долараў).

“Пры гэтым месца на могілках будзе аплачана толькі на 20 гадоў. Калі купіць месца назаўжды, то гэта каштуе ад 12 да 20 тыс. злотых. Сярэдяе пахаванне ў Варшаве каштуе 14–16 тыс. злотых, да гэтага трэба дадаць паслугі святара (прыкладна 1,3 тыс. злотых) і г.д. Таксама важна аформіць магілу, паставіць помнік”, — адзначыў ён.

Украінец лічыць важным і тое, каб “злачынец атрымаў максімальнае пакаранне за тое, што ён забраў чужое жыццё”. А для гэтага “неабходная сума для аплаты паслуг юрыста, які будзе абараняць інтарэсы Лізаветы ў крымінальным працэсе, у Варшаве гэта каштуе ад 20 тыс. злотых”.

Фінансы, паводле яго слоў, спатрэбяцца таксама пры афармленні ўсёй спадарожнай дакументацыі.

На гэты момант сабрана амаль 65 тыс. злотых з заяўленых 70 тыс.

1 сакавіка польскія медыі паведамілі, што грамадзянка Беларусі, якая 25 лютага зазнала згвалтаванне і спробу забойства ў польскай сталіцы, памерла ў шпіталі. Пацверджаная смерць мозгу, заявіла прадстаўніца Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Барбара Меткоўска.

Пасля нападу дзяўчына так і не прыйшла ў прытомнасць, увесь гэты час яна была падключаная да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі адной з варшаўскіх клінік.

Па справе аб нападзе на беларуску затрыманы 23-гадовы мужчына. Ён арыштаваны на тры месяцы.

Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла дзяржаўным СМІ, што накіравала ў праваахоўныя органы Польшчы “адпаведныя запыты”, паколькі “ў беларускія замежныя ўстановы ніякіх зваротаў альбо афіцыйнай інфармацыі” адносна смерці беларускі “не паступала”.

Падзяліцца: