Мінск 09:58

Кіраўнік МЗС Балгарыі: Cанкцыйны ціск на рэжым у Мінску павінен працягвацца

Крыніца: твітар-акаўнт Марыі Габрыэль

5 сакавіка, Позірк. “Рашуча асудзіўшы” ролю афіцыйнага Мінска як “памагатага Расіі ў незаконнай агрэсіі супраць Украіны”, віцэ-прэм’ер — міністр замежных спраў Балгарыі Марыя Габрыэль заявіла, што “важна праводзіць адрозненне паміж беларускім рэжымам і беларускім народам”.

Як паведамляе Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), гэтую заяву яна зрабіла на сумеснай прэс-канферэнцыі з удзелам прэм’ер-міністра Мікалая Дзенкава і беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Габрыэль падкрэсліла, што Балгарыя і надалей будзе дзейнічаць у адпаведнасці з агульнай палітыкай ЕС. “Мы таксама адзіныя ў разуменні таго, што ціск на аўтакратычны рэжым у Мінску з дапамогай санкцый ЕС павінен працягвацца”, — сказала кіраўнік МЗС, адзначыўшы пры гэтым неабходнасць “быць пільнымі ў дачыненні да абыходу санкцый”.

“Мы падтрымліваем імкненне беларускага народа пабудаваць дэмакратычную дзяржаву, заснаваную на вяршэнстве закона і павазе правоў чалавека”, — дадала палітык. Паводле яе слоў, Сафія “выразна і паслядоўна падтрымлівае намаганні, якія адлюстроўваюць пажаданні большасці беларускіх грамадзян”.

“Балгарыя працягне ўдзельнічаць ва ўсіх ініцыятывах ЕС і ААН, накіраваных на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці”, — сказала Габрыэль, звярнуўшы ўвагу, што яе краіна абраная членам Савета ААН у правах чалавека на 2024–26 гады.

Ціханоўская наведвае Балгарыю 4–6 сакавіка.

Падзяліцца: