Мінск 17:27

ЕС і пасольствы еўрапейскіх краін заявілі ўладам Сербіі аб недапушчальнасці экстрадыцыі беларуса Гнёта — Латушка

Андрэй Гнёт
Скрыншот тэлеканала "Беларусь 1" "Люстэрка"

8 сакавіка, Позірк. “Па выніках афіцыйных лістоў, запытаў, перамоваў, сустрэч каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і офіса Святланы Ціханоўскай з міністэрствамі замежных спраў еўрапейскіх краін створана рабочая група па пытанні недапушчэння экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь”, — напісаў 8 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

“Гэты факт”, паводле яго слоў, быў пацверджаны, у прыватнасці, намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Хенрыкай Масціцкай-Дэндзіс падчас двухбаковай сустрэчы ў Варшаве і “абмеркавання магчымых крокаў па адвакатаванні недапушчэння экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь”.

Латушка таксама адзначыў, што НАУ атрымала адказ старшыні Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен на ліст з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю з Гнётам. Акрамя таго, намеснік кіраўніка АПК паведаміў, што правёў “асобную сустрэчу” з гэтай нагоды з паслом Сербіі ў Варшаве.

У рабочую групу па “справе Гнёта” ўваходзяць прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў і пасольстваў Польшчы, Германіі, Харватыі, Кіпра, Даніі, Чэхіі, Бельгіі і Аўстрыі, удакладніў беларускі палітык.

“Дэлегацыя ЕС у Сербіі, сумесна з прадстаўнікамі пасольстваў розных еўрапейскіх краін, ужо звярнулася да Міністэрства юстыцыі і Міністэрства замежных спраў Сербіі, падкрэсліваючы недапушчальнасць палітычна матываванага пераследу Андрэя Гнёта. Яны таксама паведамілі аб працягу маніторынгу сітуацыі. Прадстаўнікі рабочай групы прысутнічалі і на судовым пасяджэнні 19 лютага ў Бялградзе”, — напісаў Латушка.

Ён “адзначыў важнасць” таго, што з мэтай вызвалення Гнёта “аб’ядналіся прадстаўнікі дэмакратычных ініцыятыў і арганізацый, сярод якіх прадстаўнікі офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, BelPol, “Рух”, SOS.by і інш., а таксама блізкія і сябры Андрэя Гнёта, якія з першага дня яго незаконнага затрымання змагаюцца за яго свабоду”.

“Беларускія актывісты ў еўрапейскіх краінах праводзяць пікеты пад сербскімі пасольствамі ў падтрымку Андрэя Гнёта, арганізацыяй “Рух” створаная петыцыя з заклікам аб яго вызваленні”, — дадаў Латушка.

НАУ, паводле яго слоў, працягне працу “ва ўзаемадзеянні з еўрапейскімі партнёрамі і ўсімі неабыякавымі арганізацыямі, каб дамагчыся вызвалення Гнёта”.

Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, 41-гадовы Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі па прылёце ў краіну, пасля чаго перададзены паліцыі.

Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Беларусі ад 21 верасня 2023 года на падставе крымінальнага пераследу на тэрыторыі Беларусі. Мэта запыту — экстрадыцыя ў Беларусь для ажыццяўлення крымінальнага пераследу. Паводле звестак BelPol, працэдура экстрадыцыі ўжо пачалася.

Офіс Святланы Ціханоўскай “сочыць за сітуацыяй” і дамагаецца вызвалення Гнёта, заявіла Позірку дарадца дэмакратычнага лідара ў прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр.

Паводле яе слоў, офіс звярнуўся да паслоў краін ЕС і ЗША ў Сербіі. “Адгукнулася каля васьмі дыпламатаў, якія стварылі нефармальную групу падтрымкі Андрэя“, — сказала Рыхтэр.

29 лютага праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў дадзеныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, па якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат Гнёта настойвае, што падабаронны перасьледуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.

BelPol заклікаў далучыцца да падтрымкі Гнёта, распаўсюджваючы інфармацыю пра яго. Арганізацыя адзначыла, што выратаваць яго ад “траплення ў крывавыя лапы рэжыму” неабходна цяпер, а “не выказваць сваю занепакоенасць аб яго долі потым”.

Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для Свабоднага аб’яднання спартсменаў (SOS.by), якое ў Беларусі прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

У траўні 2022 года Гнёт выйграў конкурс Effie Awards Russia. У 2016-м партал marketing.by паведамляў, што ён з’яўляецца “адным з самых вядомых і запатрабаваных” беларускіх рэжысёраў, сярод яго кліентаў такія вядомыя айчынныя брэнды, як МТС, Mark Formelle, “Бульбаш”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World Of Tanks.

Падзяліцца: