Мінск 06:20

ЦВК абвясціў пра пачатак вылучэння ў Савет Рэспублікі і УНС, нагадаўшы пра абмежаванні для прэтэндэнтаў

Фота: ЦВК

12 сакавіка, Позірк. Цэнтрвыбаркам 12 сакавіка абвясціў пра пачатак вылучэння кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (СР НС) — верхняй палаты беларускага парламента, а таксама ў дэлегаты Усебеларускага народнага сходу (УНС).

Парадак фармавання “палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва”, адзначыў ЦВК, “спалучае элементы выбарнасці і прызначэння”. “Па восем членаў Савета Рэспублікі абіраюцца ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем мясцовымі саветамі дэпутатаў базавага ўзроўню, яшчэ восем членаў прызначаюцца прэзідэнтам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым “права вылучэння кандыдатаў” у члены СР НС належыць “прэзідыумам мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведным выканаўчым камітэтам”, а ў сталіцы — прэзідыуму Мінгарсавета і Мінгарвыканкаму. Рашэнне пра вылучэнне кандыдатаў перадаецца ў ЦВК.

Што тычыцца УНС, то 290 дэлегатаў гэтага органа будзе вылучана мясцовымі саветамі дэпутатаў рознага ўзроўню, яшчэ 400 — тэрытарыяльнымі структурамі “суб’ектаў грамадзянскай супольнасці”. Пры гэтым адна і тая ж асоба не можа быць кандыдатам у дэлегаты УНС ад “грамадзянскай супольнасці” і ад мясцовых саветаў дэпутатаў.

Цэнтрвыбаркам нагадаў, што ў патэнцыйных кандыдатаў у члены СР НС і дэлегаты УНС не павінна быць “грамадзянства (падданства) іншай дзяржавы і дакументаў замежных дзяржаў, якія даюць права на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю”.

Патэнцыйны кандыдат у члены СР НС не можа быць маладзейшы за 30 гадоў, павінен пражываць на тэрыторыі адпаведнай вобласці або Мінска не менш як 5 гадоў, таксама не павінна быць абвінаваўчага прыгавору суда, які набыў моц у яго дачыненні. Кандыдат у дэлегаты УНС павінен мець беларускае грамадзянства, выбарчае права, пастаянна пражываць на тэрыторыі краіны, не мець непагашанай (нязнятай) судзімасці.

Вылучэнне кандыдатаў у члены СР НС скончыцца 21 сакавіка. ЦВК, якому перададуць адпаведныя рашэнні, “праверыць адпаведнасць парадку вылучэння” патрабаванням выбарчага заканадаўства, “складзе адпаведнае заключэнне і прыме рашэнне пра рэгістрацыю або матываванае рашэнне пра адмову ў рэгістрацыі”.

Вылучэнне кандыдатаў у дэлегаты УНС завершыцца 31 сакавіка. Выбары пройдуць з 1 па 10 красавіка. Першае пасяджэнне УНС у новым статусе павінна адбыцца на працягу 60 дзён пасля парламенцкіх выбараў (паводле інфармацыі дзейнага старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі — “недзе з 19 па 26 красавіка”, кіраўніца СР НС Наталля Качанава заяўляла пра 25 красавіка).

Ніжняя палата беларускага парламента — Палата прадстаўнікоў, а таксама мясцовыя саветы дэпутатаў былі сфармаваныя па выніках адзінага дня галасавання 25 лютага. Электаральная кампанія прайшла на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Праваабаронцы заявілі, што выбары не адпавядалі стандартам і суправаджаліся шматлікімі парушэннямі. Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзярждэпартамент ЗША, з адпаведным каментаром выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх паслоў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ.

Падзяліцца: