Мінск 18:39

Дзяржпагранкамітэт: За мінулы тыдзень Беларусь без віз наведала 6.766 жыхароў суседніх краін ЕС

23 кастрычніка, Позірк. За мінулы тыдзень Беларусь у бязвізавым парадку наведала 6.766 жыхароў суседніх краін ЕС (тыднем раней — 6.194, двума тыднямі — 5.936), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты час у Беларусь прыехала 3.650 грамадзян Літвы (3.485), 1.740 грамадзян і 519 неграмадзян Латвіі (1.446 і 374 адпаведна), 857 грамадзян Польшчы (827).

З пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 744.718 замежнікаў: 466.466 грамадзян Літвы, 170.606 грамадзян і 52.218 неграмадзян Латвіі, а таксама 55.428 грамадзян Польшчы.

Летась 21 снежня Аляксандр Лукашэнка працягнуў да канца 2023 года дзеянне бязвізавага ўезду ў Беларусь для жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы. Рашэнне было прынятае “ў пацвярджэнне адкрытасці” краіны, яе накіраванасці на “добрасуседства і ўмацаванне міжнацыянальных сувязей”.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня — для жыхароў Польшчы.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі. З леташняга красавіка, калі пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым з Латвіяй, беларускія ўлады затрымалі 18 турыстаў з гэтай краіны.

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

18 жніўня Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Цвярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна).

19 верасня праз узрослую плынь мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: