Мінск 11:19

Нацбанк: Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў лютым выраслі на 8% у гадавым вымярэнні

Фота: газета "Звязда"

14 сакавіка, Позірк. Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы ў лютым 2024 года выраслі на 8% у параўнанні з аналагічным месяцам 2023-га, адзначае Нацыянальны банк у новым аглядзе інфляцыйных працэсаў.

Паводле звестак рэгулятара, у студзені яны павялічыліся на 8,8%, снежні 2023-га — на 8,9% у гадавым вымярэнні.

Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) склала 4% (4% і 3,8% адпаведна).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) — 4,9% (4,9% і 4,7%).

Паводле звестак Белстата, спажывецкія цэны ў лютым выраслі на 0,9% (харчовыя і нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,5%, паслугі — на 2,3%). У гадавым вымярэнні (да лютага 2023-га) спажывецкія цэны выраслі на 5,6%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,4%, нехарчовыя — на 3,2%, паслугі — на 7,3%.

Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка зацвердзіў важнейшыя прагнозныя (дэ-факта планавыя) параметры развіцця краіны на 2024 год. Згодна з указам № 307 і 308, прырост ВУП павінен скласці 3,8%, інвестыцый у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, рэальнага заробку — 3,9%, намінальнага сярэднямесячнага заробку — да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — 1.634), інфляцыя — не больш за 6%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш за 6 млрд долараў.

Падзяліцца: