Мінск 16:29

На фоне санкцый Беларусь і Расія сталі аўтсайдарамі ў ЕАЭС па росце ВУП

Крыніца: МЗС Расіі

15 сакавіка, Позірк. Беларусь і Расія занялі апошнія месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па росце валавога ўнутранага прадукту ў 2023 годзе, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У сярэднім рост эканомікі ў ЕАЭС склаў 3,8%. Лідарам стала Арменія — 8,7%. Далей ідуць: Кыргызстан — 6,2%, Казахстан — 5,1%, Беларусь — 3,9%, Расія — 3,6%.

Валавая дабаўленая вартасць у ЕАЭС вырасла на 3,9%: у Арменіі — на 8,4%, Кыргызстане — на 5,4%, Казахстане — на 4,9%, Беларусі — на 3,8%, Расіі — на 3,7%.

Вытворчасць тавараў у саюзе павялічылася на 3,1%: у Беларусі — на 6,7%, Арменіі — на 4,5%, Казахстане — на 3,9%, Кыргызстане — на 3,6%, Расіі — на 2,8%.

У катэгорыі “вытворчасць паслуг” Беларусь заняла ў альянсе (агульны рост на 4,4%) апошняе месца — плюс 1,4%. Арменія тут дадала 10,6%, Кыргызстан — 6,2%, Казахстан — 5,7%, Расія — 4,2%.

Чыстыя падаткі на прадукты ў ЕАЭС выраслі на 3,2%: Кыргызстан — на 12,7%, Арменія — 11%, Казахстан — на 7,6%, Беларусь — на 5,4%, Расія — на 2,3%.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў бягучых цэнах за студзень 2024 года склаў 18 млрд рублёў. У супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня 2023-га ён вырас на 2,8%.

У 2022 годзе ВУП знізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%,

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП павінен скласці 3,8%.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.

ЕАЭС, нягледзячы на санкцыі, прадэманстраваў "высокія тэмпы развіцця" — Галоўчанка

2 лютага, Позірк. Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), нягледзячы на "незаконны ціск краін Захаду" на асобных членаў аб'яднання, "прадэманстраваў высокія тэмпы развіцця", заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка 2 лютага на пашыраным пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Алматы (Казахстан). Паводле слоў чыноўніка, ВУП Беларусі ў …
Падзяліцца: