Мінск 14:16

Грызлоў паведаміў аб ілжывым мініраванні выбарчага ўчастка ў Брэсце, дзе праходзіць галасаванне на выбарах прэзідэнта РФ

Фота: sputnik.by

17 сакавіка, Позірк. Генеральнае консульства Расіі ў Брэсце, дзе праходзіць галасаванне на выбарах прэзідэнта РФ, атрымала папярэджанне аб мініраванні, заявіў журналістам амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Барыс Грызлоў.

Пагроза аказалася ілжывай, “галасаванне працягваецца”, перадае яго словы ТАСС.

Грызлоў падзякаваў беларускім уладам за “неабходную падтрымку і падчас падрыхтоўкі, і падчас арганізацыі выбараў, у тым ліку ў пытаннях бяспекі”.

“Гэта вельмі важна, таму што тая абстаноўка, у якой праходзяць выбары <…>, выключна складаная. Мы бачым, што ўзлаваная зграя зласліўцаў з недружалюбных краін спрабуе сарваць выбары, дэстабілізаваць абстаноўку”, — сказаў амбасадар.

“Гэта відаць і па тым, як яны абстрэльваюць памежныя раёны [РФ], нават былі спробы заходу на нашу тэрыторыю, якія былі спыненыя. Мы ведаем, што распаўсюджваюцца ўлёткі з пагрозамі ў адрас членаў выбарчых камісій і грамадзян, якія галасуюць”, — удакладніў Грызлоў.

Нягледзячы на гэта, адзначыў ён, “грамадзяне прыходзяць на ўчасткі”, дэманструючы “максімальную яўку”.

На 11.00 у Беларусі на выбарах прэзідэнта РФ прагаласавала больш за 2,5 тыс. чалавек, паведаміў Грызлоў. Паводле яго слоў, на консульскім уліку ў Беларусі знаходзіцца каля 50 тыс. расійскіх грамадзян.

Восьмыя выбары прэзідэнта РФ праходзяць з 15–17 сакавіка.

У іх удзельнічаюць дэпутаты Дзярждумы Уладзіслаў Даванкоў, Леанід Слуцкі, Мікалай Харытонаў і дзеючы прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Для 71-гадовага Пуціна, чый удзел у кампаніі стаў магчымым дзякуючы змене Канстытуцыі ў 2020 годзе, гэта будуць пятыя выбары.

Грамадзяне Расіі, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць прагаласаваць 17 сакавіка на сямі выбарчых участках.

Участкі адкрытыя ў Мінску (будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва — вул. Нававіленская, 1а), Брэсце (генеральнае консульства — вул. Пушкінская, 10), Віцебску (Цэнтр культуры “Віцебск” — вул. Маякоўскага, 1), Гомелі (Расійскі цэнтр навукі і культуры — вул. 50 гадоў БССР, 7), Магілёве (ліцэй Беларуска-расійскага ўніверсітэта — вул. Ленінская, 61), Гродна (філіял канцэртнай залы Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры — вул. Дзяржынскага, 1), п. Азярэчча Клецкага раёна Мінскай вобласці (ваенная частка).

Галасаванне праводзіцца з 8:00 да 20:00 па мінскім часе.

Падзяліцца: