Мінск 11:00

Спецдакладчыкам ААН паведамілі пра пагаршэнне здароўя палітвязня Кучынскага

Фота: spring96.org / сацсеткі Кучынскага

19 сакавіка, Позірк. Здароўе палітвязня Паўла Кучынскага, які пакутуе ад анкалагічнага захворвання, пагаршаецца, гаворыцца ў звароце праваабарончага цэнтра “Вясна” на адрас спецыяльных дакладчыкаў ААН.

Дыягназ “лімфома Ходжкіна” чацвёртай стадыі мужчыну паставілі ў сакавіку 2021 года, але прыкметы хваробы выявіліся яшчэ ўвосень 2020-га.

Кучынскі быў затрыманы 26 студзеня 2022 года. Нягледзячы на медыцынскія дакументы, якія пацвярджаюць, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і адмысловыя ўмовы, мужчыну пакінулі пад вартай.

У чэрвені 2022 года суд Вілейскага раёна (Мінская вобласць) прыгаварыў мужчыну да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, звязаных з абразамі — “прадстаўніка ўлады”, “прэзідэнта”, “суддзі або народнага засядацеля”, а таксама пагрозамі — ” у дачыненні да суддзі”, “ужывання гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады”. Падставай для крымінальнага пераследу паслужылі каментарыі ў інтэрнэце. Пасля разгляду апеляцыі Мінаблсуд скараціў тэрмін пакарання на 3 месяцы, але прызначыў штраф у памеры 120 базавых велічыняў (на той момант 3.840 рублёў).

Праз месяц пасля вынясення выраку Кучынскаму паставілі II групу інваліднасці (да гэтага была I група). Замест калоніі яго адправілі ў бальніцу для зняволеных у Калядзічах (Мінскі раён) для дыягностыкі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, асуджаныя там знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудаваных для медыцынскіх патрэб.

Згодна з наяўнай інфармацыяй, хіміятэрапія Кучынскаму не дапамагае, хвароба прагрэсуе. Курс лячэння мяняецца пасля абследаванняў, але беспаспяхова.

Мужчына кансультаваўся з урачамі наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта аказалася немагчыма, у тым ліку праз заключэнне і ўмовы утрымання.

Юрысты “Вясны” адзначылі, што рашэнне суда пазбавіць Кучынскага свабоды пагражае яго жыццю: “Ад самага пачатку яго зняволення ўсе спробы адваката і сваякоў абараніць неабгрунтаванасць яго ўтрымання пад вартай былі беспаспяховымі”.

“Пасля працяглага знаходжання ў следчым ізалятары нават цалкам здаровыя людзі сутыкаюцца са з’яўленнем праблем са здароўем у сувязі з умовамі знаходжання, — гаворыцца ў паведамленні. — Напрыклад, былыя палітвязні расказваюць, што ў іх праз нейкі час сапсаваліся зубы ад алюмініевых кубкаў, з якіх п’юць затрыманыя. З гэтай прычыны ў людзей, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, у няволі стан здароўя крытычна пагаршаецца аж да рэальнай пагрозы жыццю”.

Праваабаронцы просяць спецдакладчыкаў ААН “пачаць камунікацыю” з уладамі Беларусі, каб Кучынскі атрымаў доступ да “належнай медыцынскай дапамогі”.

На 19 сакавіка ў Беларусі 1.406 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія падвергліся палітычным рэпрэсіям у той ці іншай форме значна большая.

Падзяліцца: