Беларускія актывісты на пікеце каля сербскай амбасады запатрабавалі вызвалення Андрэя Гнёта

21 сакавіка, Позірк. “Я спадзяюся, што еўрапейская Сербія, якая крочыць на шляху да дэмакратыі і будучага членства ў ЕС, пачуе голас еўрапейскіх беларусаў і вызваліць Андрэя Гнёта, закладніка рэжыму Лукашэнкі ў сербскай вязніцы”. Такую заяву зрабіў кіраўнік Народнага антыкрызыснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 21 сакавіка на пікеце каля сербскай амбасады ў Варшаве. Акцыя была ініцыявана НАУ, арганізацыяй беларускіх нацыяналістаў “Рух” і Свабодным аб’яднаннем спартсменаў (SOS.by).
“Калі Сербія сапраўды імкнецца да дэмакратыі, яна павінна разумець, як сёння катуюць і зневажаюць беларускі народ, як у турмах трымаюць тысячы палітычных зняволеных, не менш за пяць з якіх ужо загінулі ў вязніцах Лукашэнкі”, — лічыць Латушка. Ён падзякаваў еўрапейскім дэпутатам і дыпламатам, якія ўвайшлі ў створаную беларускімі дэмакратычнымі сіламі рабочую групу, якая дамагаецца вызвалення Гнёта.
Беларускі каталіцкі святар-палітэмігрант Вячаслаў Барок адзначыў на пікеце, што не можа быць абыякавым у сітуацыі, калі невінаваты чалавек знаходзіцца ў небяспецы. Ён звярнуўся да ўладаў Сербіі і падкрэсліў, што “Андрэй Гнёт — гэта не тавар, таму яго не трэба ўспрымаць як прадмет гандлю і трактаваць як адзін з пунктаў пэўных дамоўленасцяў”.
“Андрэй Гнёт — гэта чалавек, які мае правы і годнасць”, — адзначыў святар і выказаў меркаванне, што сербскія ўлады “абавязаны адпусціць невінаватага чалавека”. “Дамоўленасці, нават калі яны існуюць, павінны трымацца прынцыпаў справядлівасці і праўды, не парушаючы правоў пэўнага чалавека”, — заявіў Барок. “На жаль, у Беларусі законы сёння не працуюць”, — адзначыў ён.
Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, 41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў сталіцу краіны Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі.
Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Беларусі ад 21 верасня 2023 года. Мэта запыту — экстрадыцыя ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
29 лютага праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў даныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.
12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе скасаваў пастанову аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справа адпраўленая на новы разгляд, які адбудзецца 26 сакавіка.
Скасаванне рашэння аб экстрадыцыі ў Беларусь і накіраванне справы на новы разгляд у Вышэйшы адміністрацыйны суд у Бялградзе дае падставу спадзявацца на яго вызваленне, заявіла ў каментары “Позірку” дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтар.
Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для Свабоднага аб’яднання спартсменаў (SOS.by), якое ў Беларусі прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
У траўні 2022 года выйграў конкурс Effie Awards Russia. У 2016-м партал marketing.by паведамляў, што Гнёт з’яўляецца “адным з самых вядомых і запатрабаваных” беларускіх рэжысёраў, сярод яго кліентаў такія вядомыя айчынныя брэнды, як МТС, Mark Formelle, “Бульбашъ”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World Of Tanks.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваНа Дзень незалежнасці-2025 здарылася на 60% больш пажараў, чым год тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства3 ліпеня ў Беларусі перакрыты тэмпературны рэкорд дня амаль 90-гадовай даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 1–2 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства