Мінск 16:33

Бізнэс стаў больш законапаслухмяным у частцы афіцыйнай выплаты заробкаў — ДФР КДК

21 сакавіка, Позірк. У выніку праверак “нядобрасумленных прадстаўнікоў бізнесу” ў 2023 годзе было выяўлена 221 злачынства па фактах ухілення ад выплаты падаткаў і дзевяць злачынстваў — па фактах падатковага махлярства, заявіў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Юрый Кардымон.

Паводле яго слоў, па выніках праведзеных летась праверак і маніторынгаў забяспечана паступленне ў бюджэт больш за 150 млн рублёў.

Дзяржкантроль таксама заяўляе аб працягу барацьбы з заробкамі ў канвертах. “Сёння мы ацэньваем, што бізнес пачаў разумець неабходнасць выканання заканадаўства ў гэтай сферы, стаў больш законапаслухмяным, а колькасць арганізацый, якія, паводле статыстыкі, выплачвалі нібыта мінімальна ўстаноўленую заканадаўствам заработную плату, гэта значыць так званыя патэнцыйныя плацельшчыкі зарплаты ў канвертах, яна істотна скарацілася”, — адзначыў Кардымон.

Паводле інфармацыі, якая прагучала ў сюжэце, “за кошт прынятых КДК прэвентыўных мер зэканомлена і папярэджана выплат бюджэтных сродкаў больш чым на паўмільярда рублёў, і гэта акрамя грошай, спагнаных у бюджэт непасрэдна па выніках праведзеных праверак”.

Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення КДК Юлія Аўхукава, ведамства працягвае таксама маніторынг дзяржзакупак. Летась прааналізавана 23 тыс. закупак, “эканомія бюджэтных сродкаў склала каля 300 млн рублёў”.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення кантролю транспартнага комплексу і сувязі КДК Алег Кундзелеў паведаміў, што ведамства ўмяшалася ў сітуацыю з закупкай бітуму для рамонту дарог: “Камітэт унёс прапановы і падыходы, якія былі адобраны і кіраўніком дзяржавы, аб тым, што для дарожнага будаўніцтва, што фінансуецца з бюджэту, неабходна абмежаваць рэнтабельнасць”.

“І ў той жа час будзе скарочаны сабекошт будаўніцтва дарог і адпаведна выплаты з бюджэту. За кошт гэтага зэканомлена больш за 65 млн рублёў”, — адзначыў Кундзелеў.

У сюжэце таксама паведамляецца, што па ініцыятыве КДК у Мінэнерга перагледзелі “падыходы да фармавання тарыфаў на электраэнергію, што дазволіла скараціць выдаткі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі і пакінуць у іх распараджэнні больш за 800 млн рублёў”.

Падзяліцца: