Мінск 05:52

Андрэй Шарэнда аб дэманстрацыі жонкі па ТБ: Верыць лукашысцкім памыйніцам нельга

Скрыншот відэа АТН

22 сакавіка, Позірк. “Якую б лухту сёння не паказвалі лукашысцкія памыйніцы, трэба разумець, што Паліна выратоўвае сваё жыццё. І верыць лукашысцкім памыйніцам нельга”, — пракаментаваў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Андрэй Шарэнда, муж палітвязні Паліны Шарэнда-Панасюк анонс інтэрв’ю з ёй дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навін (АТН).

Паведамляецца, што яно будзе паказана 22 сакавіка ў праграме “Панарама” на тэлеканале “Беларусь 1”.

“Нармальнай сувязі з Палінай няма ўжо тры месяцы. Мы нават блізка не ведаем, што здарылася з ёй за гэты час”, — напісаў Андрэй Шарэнда.

Паводле сцвярджэння АТН, Шарэнда-Панасюк распавяла “пра ўсе тонкасці працы незаконнага фармавання “Еўрапейская Беларусь”, назвала “прозвішчы і сумы” і заявіла, што вырашыла “пісаць прашэнне аб памілаванні”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса.

У красавіку 2022 года палітвязня прысудзілі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі), у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка стала вядома, што Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі на эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцэра, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу”.

Падзяліцца: