Мінск 10:52

Ціханоўская адкрыла ў Празе памятны знак у гонар Скарыны

Фота: "Позірк"

24 сакавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 24 сакавіка адкрыла памятны знак у гонар Францыска Скарыны ў цэнтры Прагі каля Старамесцкай плошчы.

Знак усталяваны каля дома купца Севярына — у гэтым будынку меркавана знаходзілася друкарня Скарыны, дзе ён у 1517–1519 гадах надрукаваў 23 кнігі Старога Запавету.

На знаку намаляваная пячатка Скарыны — спалучэнне сонца і маладзіка — і надпіс на латыні “Domvs Severini. Institoris” (дом купца Севярына).

Надпіс выкананы ў люстраным варыянце, каб з дапамогай фарбавальнікаў можна было вырабляць прынты ў арыгінальным выглядзе.

Аўтар працы — чэшскі мастак Іржы Алтманн. Знак з’явіўся пры падтрымцы літоўскай амбасады ў Празе, Польскага інстытута ў Празе і офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.

Фота: "Позірк"

Адкрываючы знак, Ціханоўская падкрэсліла важнасць асобы Скарыны “як для Беларусі, так і для ўсёй Еўропы”. Яна назвала беларускага першадрукара “вызначальнай фігурай для беларускай ідэнтычнасці, для імкнення беларусаў да свабоды і прыхільнасці правам чалавека”. Менавіта за сваю ідэнтычнасць цяпер змагаецца Беларусь супраць “імперскай Расіі”, сказала палітык.

Мэр Прагі Здэнек Гржыб, які прысутнічаў на цырымоніі, адзначыў, што дзейнасць Скарыны ў горадзе сведчыць аб культурнай блізкасці чэхаў і беларусаў. Ён пажадаў “у гэты цяжкі перыяд усяго найлепшага беларускаму народу”.

Амбасадар Польшчы ў Чэхіі Матэвуш Гняздоўскі заявіў, што Скарына быў часткай еўрапейскай культуры, “сімвалам салідарнасці і супрацоўніцтва”. Ён канстатаваў, што беларускі народ і польская меншасць у Беларусі праходзяць праз рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым Польшча, паводле яго слоў, падтрымлівае дэмакратычную Беларусь, каб не паўтарылася тое, што адбылося ў ХХ стагоддзі, калі “сусед напаў на суседа”.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Літвы ў Чэхіі, а таксама некалькі дзясяткаў беларусаў, якія затым прайшлі маршам, прысвечаным Дню Волі, па цэнтры Прагі з нацыянальнымі сцягамі.

Падзяліцца: