Мінск 04:26

Латушка: Беларусы ў Польшчы і палякі ў Беларусі павінны быць мастом да супрацы

Павел Латушка на свяце ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў польскім горадзе Бяла Падляска (25 сакавіка 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал палітыка

26 сакавіка, Позірк. Беларусы ў Польшчы і палякі ў Беларусі — “багацце дзвюх краін” і тое, што “павінна яднаць і быць мастом да супрацы”, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 25 сакавіка на ўрачыстасцях з нагоды 80-годдзя 2-га агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча (з беларускай мовай навучання) у польскім горадзе Бяла Падляска.

“На жаль, сённяшні дыктатарскі рэжым [Аляксандра Лукашэнкі] гэта не разумее і супрацьдзейнічае добрасуседскім стасункам двух народаў”, — сказаў палітык (паводле допісу ў яго тэлеграм-канале).

Латушка падзякаваў беларусам Падляшша за тое, што яны захоўваюць сваю ідэнтычнасць. “Не губляеце мовы нашай, нашай культуры, беларускіх традыцый, традыцый вашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў, <…> захоўваеце беларускі дух <…>, — сказаў ён. — Важна гэта захаваць і развіваць. Дзякуй уладам Польшчы, што спрыяюць развіццю беларускай этнічнай меншасці ў Польшчы”.

Ад імя НАУ палітык падарыў ліцэю шыльду з гербам “Пагоня”, якую адмыслова да гэтай падзеі вырабіў беларус з Бельгіі.

Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел віцэ-спікер Сената Польшчы Мацей Жыўно, ваявода Падляскага ваяводства Яцэк Бжазоўскі, бурмістр горада Бяла Падляска Яраслаў Бароўскі, стараста Бельскага павета Славамір Ежы Снарскі, дэпутаты парламента, праваслаўнае і каталіцкае духавенства, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і этнічнай меншасці Падляшша. Звароты да ўдзельнікаў мерапрыемства скіравалі спікер Сената Малгажата Кідава-Блоньска і міністр адукацыі Барбара Навацка.

25 сакавіка прыхільнікі дэмакратычнай Беларусі адзначылі Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Беларусі афіцыйна гэтага свята няма. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі ўнутры краіны прыводзяць да затрыманняў і судоў як мінімум па адміністрацыйных абвінавачваннях.

Падзяліцца: