Мінск 18:53

Лукашэнка: Праўладныя журналісты займаюцца прапагандай і агітацыяй

24 кастрычніка, Позірк. Пасля 2020 года “з’явіўся нават не прэзідэнцкі, а проста цэлы пул журналістаў”, якія “зірнулі інакш на падзеі, якія адбываюцца вакол”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка на сустрэчы з моладдзю ў Палацы незалежнасці.

Паводле яго слоў, у іх працы ёсць “тыя ці іншыя недахопы”, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

“Так, мы займаемся прапагандай і агітацыяй. Гэта зразумела. Мы прапагандуем сваё найлепшае. Мы агітуем людзей на тое, каб гэта лепшае стварыць, зрабіць. У нас ёсць і мусіць быць свая ідэалогія. Ідэалагічны кірунак, ідэалагічная праца”, — сказаў ён.

Лукашэнка заўважыў, што і ў працы Адміністрацыі прэзідэнта кадры і ідэалогія — гэта “два фундаментальныя напрамкі працы”: “І не трэба тут нечага выдумляць. Так, прапаганда і агітацыя. Лепшага не прыдумалі. Нас ад гэтага адварочвалі для таго, каб кашу задаволіць. А ў нас добрая была сістэма”.

Паводле яго слоў, зараз, у часы інфармацыйнага супрацьстаяння, менавіта работнікі дзяржСМІ “апынуліся на пярэднім краі”: “Без іх зараз нікуды. І яны вельмі мне дапамагаюць данесці да вас, да тых, хто цікавіцца жыццём, тую палітыку, якую я спрабую праводзіць”.

28 лютага на пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі заявіў, што на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “рыхтуюць байцоў інфармацыйнага фронту”.

Беларусь займае 157-е месца сярод 180 краін, уключаных у сусветны індэкс свабоды прэсы “Рэпарцёраў без межаў”.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, зараз у няволі знаходзяцца 34 прадстаўнікі медыя.

Падзяліцца: