Мінск 09:47

Старшыня Рады БНР падпісала дэкрэты аб узнагароджаннях за заслугі перад беларускім народам

26 сакавіка, Позірк. У 106-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 25 сакавіка, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджаннях за заслугі перад беларускім народам.

Як паведамляе рада, упершыню з 1950 года тытуламі кавалера Ордэна Пагоні з наданнем адзнакі Крыжа Ордэна Пагоні адзначаныя палітык Зянон Пазьняк — “за найважнейшы ўнёсак у здабыццё незалежнасці Беларусі, нацыянальнае адраджэнне, абарону дэмакратыі” і праваабаронца, палітвязень Алесь Бяляцкі — “за выбітныя заслугі маральна-грамадзкага лідэрства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасці Беларусі ў варунках асабістай небяспекі”.

Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя “два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца”, а таксама два палітычныя зняволеныя, “чые імёны пакуль не апублічваюцца з меркаванняў асабістай бяспекі”. 

Медалём Ордэна Пагоні адзначаныя ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне “Волат” палка Каліноўскага, дырэктар “Беларускага дома” у Варшаве Алесь Зарамбюк (з дадатковай вайсковаю адзнакай і адзнакай за мужнасць), намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук (з дадатковай вайсковай адзнакаю), куратар кніжнай калекцыі бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане Караліна Мацкевіч, камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў (з дадатковай вайсковай адзнакай), дзеяч Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, адзін з кіраўнікоў Беларускага дабрачыннага фонду Сяргей Пяткевіч, удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч, сустаршыня руху салідарнасці “Разам” Алена Талстая, брытанскі навуковец Алан Флаўэрс і грамадскі актывіст, медык Сяргей Юрчанка (Чэхія).

“За ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю” медалём Ордэну Пагоні ўзнагароджаныя аўтар падручнікаў па беларускай мове для 1-6 класаў беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк, заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі, кіраўнік беластоцкай фундацыі “Kamunikat.org” Яраслаў Іванюк і паэт Андрэй Хадановіч.

Закрытым дэкрэтам старшыня Рады БНР узнагародзіла медалём за баявыя заслугі групу афіцэраў і ваяроў палка Каліноўскага, а таксама ваяра асобнай десантна-штурмавой роты “Беларусь” у складзе адной з брыгад Узброеных сіл Украіны.

Падзяліцца: