Мінск 08:04

Рэжым Лукашэнкі арганізаваў парламенцкія і мясцовыя выбары так, каб утрымаць уладу — праваабаронцы

Фота: ЦВК

28 сакавіка, Позірк. Усе этапы выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў “не проста кантраляваліся” прадстаўнікамі рэжыма Аляксандра Лукашэнкі, а “былі імі арганізаваныя для ўтрымання ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадстве”, гаворыцца ў выніковай справаздачы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Сваю выснову арганізатары кампаніі — Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр “Вясна” — аргументуюць тым, што выбарчыя камісіі фармаваліся непразрыста; кандыдатуры вылучэнцаў былі ўзгодненыя ўладамі; агітацыя імітавала палітычную актыўнасць; фіксаваліся факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні; панавала “атмасфера запалохвання з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў”; падлік галасоў быў непразрыстым; адсутнічалі даныя па ўчастках; не было аніводнага незалежнага назіральніка.

Электаральныя працэсы, на думку праваабаронцаў, “не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі” выбарчага заканадаўства Беларусі.

Такім чынам, адзначана ў справаздачы, вынікі выбараў “не адлюстроўваюць рэальнае волевыяўленне грамадзян Беларусі”.

Новы склад Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў дэпутатаў быў сфармаваны па выніках адзінага дня галасавання 25 лютага. Электаральная кампанія прайшла на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. У дэпутаты былі вылучаныя выключна прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Пра непрызнанне выбараў заявіў Дзярждэпартамент ЗША, з адпаведным каментаром выступіла парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны. Выбары раскрытыкавалі знешнепалітычныя ведамствы Германіі, Даніі, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, група “Дэмакратычная Беларусь” у Бундэстагу, Група еўрапейскіх амбасадараў па правах чалавека, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (СЕ), прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў СЕ.

Падзяліцца: