Мінск 07:58

Салавей у АПК мае намер займацца праектам рэформы аховы здароўя

Фота: АПК

30 сакавіка, Позірк. “Асноўны план і асноўная задача — гэта ініцыяцыя праекта рэформ сістэмы аховы здароўя на пераходны перыяд”, — заявіў прызначаны 29 сакавіка на пасаду намесніка прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Станіслаў Салавей.

“Па сутнасці я працягну займацца тым, чым актыўна займаюся апошнія два гады”, — гаворыцца ў яго каментары, распаўсюджаным АПК.

Паводле спецыяліста, пасля змены ўлады ў Беларусі “тыя праблемы, якія збіраліся ў сістэме [аховы здароў’я] гадамі і прыкрываліся практычна рабскімі ўмовамі працы і беззаконнем, вельмі хутка ўсплывуць на паверхню”.

“Нам давядзецца вельмі хутка прыводзіць сістэму ў стабільны і жыццяздольны стан у рамках прававога поля, каб у будучым быў час і магчымасць ажыццяўляць больш глабальныя рэформы”, — лічыць Салавей.

“Калі ж казаць пра беларускіх медыкаў у выгнанні, у іх нямала праблем. Адна з асноўных — яны не могуць атрымаць важныя для легалізацыі ў іншых краінах дакументы. У гэтым кірунку актыўна працуе “Фонд медыцынскай салідарнасці”, таму я не бачу сэнсу дубліраваць яго функцыі, — адзначыў ён. — Але я бачу сэнс у выкарыстанні магчымасцей АПКабінета для выхаду на ўзровень тых, хто здольны аблегчыць легалізацыю медыкаў у канкрэтных краінах”.

Станіслаў Салавей скончыў у 2013 годзе Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт па спецыяльнасці “Лячэбная справа”, з 2013 па 2016 год праходзіў інтэрнатуру і працаваў акушэрам-гінеколагам у РНПЦ “Маці і дзіця” (Мінск). З 2016 па 2021 год — акушэр-гінеколаг, урач ультрагукавой дыягностыкі ў 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Клумава (Мінск). З 2021 па 2024 працаваў акушэрам-гінеколагам ва Украіне. Валанцёр ва ўкраінскіх ініцыятывах беларускай дыяспары. Член Каардынацыйнай рады другога склікання.

З 2021 года Салавей з’яўляецца прафсаюзным актывістам і старшынёй галіновай прафсаюзнай арганізацыі медыкаў “Панацэя”.

Удзельнік мірных акцый пратэста 2020–2021 гадоў, двойчы затрымліваўся паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці павядзення масавых мерапрыемстваў), звольнены па палітычных матывах.

Даследчык сістэмы беларускай аховы здароўя, займаўся навуковай працай, у 2019 годзе атрымаў прэмію за навуковыя дасягненні.

Падзяліцца: