Мінск 22:51

Палітвязень Дзяніс Івашын упершыню з 2022 года ўбачыўся з маці

Дзяніс Івашын
Архіўнае фота: spring96.org

2 красавіка, Позірк. Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын атрымаў кароткатэрміновае спатканне з маці, паведаміла ягоная жонка Вольга на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Размова маці і сына, якія не бачыліся з 20 снежня 2022 года, доўжылася каля чатырох гадзін, удакладніла яна.

“Дзяніс выглядае худым, што нядзіўна пасля больш чым трох гадоў палону. Але ў астатнім, як ён сцвярджае, праблем са здароўем у яго няма. З такой жа “фірмовай” усмешкай, у баявым настроі, наш воін падчас сустрэчы сам падбадзёрваў маці”, — напісала Івашына.

Івашын у верасні 2022 года асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці) Крымінальнага кодэкса.

У ліпені 2023 года яго перавялі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15 у турму № 8 у Жодзіне (Мінская вобласць) рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Журналіста затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Напярэдадні ён даў інтэрв’ю тэлеканалу “Настоящее время” (праект радыёстанцый “Свабода” і “Голас Амерыкі”) аб былых членах расфарміраванага ва Украіне спецпадраздзялення МУС “Беркут”. Падчас свайго журналісцкага расследавання Івашын раней высветліў, што ў беларускім АМАПе налічваецца больш за дзесяць экс-беркутаўцаў, якія атрымалі грамадзянства РБ і прынятыя на працу з парушэннем закона. Паводле яго інфармацыі, экс-беркутаўцы ўдзельнічалі ў падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Журналіст сцвярджаў, што ўсе дадзеныя для расследавання браў з адкрытых крыніц.

22 сакавіка 2022 года КДБ заявіў, што Івашын працаваў на ўкраінскія спецслужбы і нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. У Мінабароны таксама сцвярджалі, што ўкраінскі праект InformNapalm, дзе Івашын быў рэдактарам беларускай старонкі, быў створаны і функцыянаваў “у інтарэсах Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны”, дзеянні Івашына “выйшлі далёка за рамкі журналісцкай працы”.

Журналіст супрацоўнічаў з недзяржаўнай газетай “Новы час” (скасаваная пасля пазбаўлення рэгістрацыі заснавальніка — структурнага падраздзялення грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, працягвае працаваць як сайт навін).

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, усяго ў няволі знаходзяцца 34 прадстаўнікі СМІ.

Падзяліцца: