Мінск 00:33

МУС выявіла больш за 1,4 тыс. правапарушэнняў і 56 злачынстваў з пачатку пасяўной кампаніі

Крыніца: 1prof.by

3 красавіка, Позірк. З пачатку пасяўной кампаніі Міністэрства ўнутраных спраў выявіла 56 крымінальных злачынстваў і больш за 1,4 тыс. адміністрацыйных правапарушэнняў, паведаміў намеснік начальніка ГУБЭЗ МУС Валерый Балабуеў.

“Па ўсёй краіне сфарміраваныя мабільныя і маніторынгавыя групы, у задачы якіх уваходзіць выяўленне злачынстваў і правапарушэнняў, праверка выканання працоўнай дысцыпліны, абследаванне месцаў захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Асаблівая ўвага надаецца захаванасці і тэхнічнаму стану сельгастэхнікі. Пад кантролем — каля 200 тыс. адзінак”, — адзначыў прадстаўнік ведамства.

Балабуеў удакладніў, што ў асноўным крымінальныя справы распачынаюцца за крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак і прысваенне грашовых сродкаў прадпрыемстваў. Таксама МУС “выявіла факты хабарніцтва за вырашэнне пытанняў па пастаўках у гаспадаркі розных таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў”.

“Агульная сума незаконных узнагароджанняў склала каля 35 тыс. рублёў. Так, па матэрыялах УБЭП УУС Гродзеншчыны за атрыманне хабару распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да службовай асобы сельгаспрадпрыемства Бераставіцкага раёна. Свае паслугі за ўзгадненне паставак у гаспадарку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў ён ацаніў у больш чым 12 тыс. рублёў”, — адзначыў прадстаўнік МУС.

Паведамляецца, што задакументавана “амаль 400 дробных крадзяжоў, канфіскавана 44 тоны збожжа, выяўлены звыш 100 работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, якія выконвалі абавязкі ў стане алкагольнага ап’янення, 12 з іх — кіравалі сельгастэхнікай”, ва ўсіх рэгіёнах фіксуюцца “факты захламленасці мехдвароў”.

“Рэйдавыя і прафілактычныя мерапрыемствы працягваюцца”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Пасяўная кампанія стартавала ў Беларусі 15 сакавіка.

Прэс-служба МУС паведамляла 27 сакавіка аб выяўленні супрацоўнікамі БЭЗ УУС Брэсцкай вобласці сумесна з калегамі з Кобрынскага РАУС “фактаў сістэмнай дзелавой карупцыі ў сельгасарганізацыях рэгіёну”.

У 2023 годзе колькасць “улічаных карупцыйных злачынстваў” павялічылася ў Беларусі на 16,4% — з 1.076 да 1.253, паведамляла Генпракуратура. Пры гэтым на 12,8% вырасла колькасць асоб, якія іх учынілі. Сярод іншага ведамства звяртала ўвагу на павелічэнне фактаў хабарніцтва, службовых злоўжыванняў у сельскай гаспадарцы.

Падзяліцца:
be