Мінск 23:28

Амбасадар Беларусі лічыць правакацыяй з’яўленне нелаяльнай спявачкі Агурбаш на расійскім тэлебачанні

Архіўнае фота: "Позірк"

4 красавіка, Позірк. “Падрывам адзінства народаў” Беларусі і Расіі назваў амбасадар у РФ Дзмітрый Круты з’яўленне ў эфіры расійскага “Первого канала” (“Першага канала”) нелаяльнай да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі спявачкі Анжалікі Агурбаш.

Артыстку паказалі ў сюжэце пра дзіцячы музычны конкурс “Залатая нота” ў ранішнім эфіры тэлеканала 2 красавіка, заўважыла выданне SOTA. Медыя апублікавала фотакопію ліста, які Круты накіраваў з гэтай нагоды генеральнаму дырэктару “Первого канала” Канстанціну Эрнсту. У ім ён назваў з’яўленне спявачкі “ў дзень яднання народаў Беларусі і Расіі <…> спланаванай правакацыяй”.

Дыпламат напісаў, што Агурбаш са жніўня 2020 года размяшчала ў інтэрнэце “звесткі, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варажнечы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржслужачых, прадстаўнікоў улады”, а таксама “інфармацыю, якая ўтрымлівае абразы Аляксандра Лукашэнкі”.

“Генеральнай пракуратурай Беларусі ў дачыненні да А.А. Агурбаш узбуджаныя крымінальныя справы. <…> Таксама нагадваем, што ў жніўні 2020 года Агурбаш брала актыўны ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах і пікетах ля будынка амбасады Беларусі ў Маскве, падчас якіх актыўна выкарыстоўвалася сімволіка беларускіх калабарацыяністаў, што супрацоўнічалі з нацыстамі падчас Вялікай Айчыннай вайны”, — адзначыў Круты.

Ён заклікаў Эрнста “ў далейшым устрымацца ад супрацоўніцтва з А. А. Агурбаш” і паабяцаў пасадзейнічаць “наладжванню кантактаў з патрыятычна настроенымі прадстаўнікамі беларускай эстрады, якія падзяляюць ідэі саюзнай інтэграцыі”.

Анжаліка Агурбаш — экс-удзельніца гурта “Верасы”, заслужаная артыстка Беларусі. У 2005 годзе прадстаўляла краіну на конкурсе “Еўрабачанне”.

У Агурбаш расійскае грамадзянства, яна жыве ў Маскве. Пасля выбараў 2020 года падтрымала пратэсты і асудзіла гвалт з боку сілавікоў, удзельнічала ў акцыях ля беларускай амбасады ў расійскай сталіцы.

У Беларусі ў дачыненні да яе распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне <…> варожасці або варажнечы) і ч. 2 арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса. У чэрвені 2021 года Генпракуратура звярнулася да расійскіх калег з просьбай выдаць артыстку для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Сама Агурбаш заяўляе, што пра экстрадыцыю гаворка не ідзе. Аднак з яе спрабуюць спагнаць грошы на падставе іску, пададзенага ў 2021 годзе прадпрыемствам “Белкаапзнешгандаль Белкаапсаюза”. Эканамічны суд Мінска абавязаў яе вярнуць арганізацыі футравыя вырабы, якія яна мусіла прадаць у Маскве і атрымаць камісійныя. Ісцец сцвярджае, што спявачка дагэтуль гэтага не зрабіла.

Падзяліцца: