Мінск 16:03

Амбасадар Круты запрасіў Кувейт паўдзельнічаць у выставе “Белагра”

Фота: амбасада Беларусі ў РФ

9 красавіка, Позірк. Супрацоўніцтва ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах абмеркаваў амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты з кіраўніком дыпмісіі Кувейта ў Расіі Рашэдам Альадвані.

Паводле інфармацыі беларускага дыппрадстаўніцтва, Круты запрасіў кувейцкі бок да ўдзелу ў сельскагаспадарчай выставе “Белагра” ў чэрвені гэтага года, пасля таго, як яго калега “праявіў цікавасць да беларускага вопыту развіцця сельскай гаспадаркі”, асабліва “ў кантэксце забеспячэння харчовай бяспекі”.

Таксама ён заклікаў “больш актыўна задзейнічаць патэнцыял бізнес-супольнасцей дзвюх краін для пашырэння гандлёва-эканамічных адносін”.

“Адзначана важнасць правядзення сумеснай ⟨…⟩ камісіі па эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве, што будзе садзейнічаць вырашэнню задач двухбаковага ўзаемадзеяння ў палітыцы, эканоміцы, а таксама на гуманітарным напрамку”, — удакладніла амбасада.

7 ліпеня 2023 года міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік абмеркаваў з калегам з Кувейта Салемам Абдулой аль-Джабер аль-Сабахам “тэму падключэння” Беларусі да праграмы гэтай краіны “па забеспячэнні харчовай бяспекі” на палях сустрэчы Каардынацыйнага бюро Руху Недалучэння (РН) у Баку .

Аб’ёмы ўзаемнага гандлю з Кувейтам Белстат часткова засакрэціў: адсутнічаюць даныя аб імпарце з гэтай краіны. Даступныя паказчыкі сведчаць аб нестабільнасці гандлю.

Экспарт у Кувейт у 2017 годзе склаў 3,3 млн долараў ЗША, у 2018-м — 6,2 млн, у 2019-м — 4,1 млн, у 2020-м — 0,9 млн, у 2021-м — 2,9 млн. Пазнейшых даных няма.

Дынаміка гандлю паслугамі: 2017 год — 513,4 тыс. долараў (экспарт — 508,6 тыс., імпарт — 4,8 тыс.), 2018 — 1 млн 5,9 тыс. (экспарт — 960,1 тыс., імпарт — 45,8 тыс.), 2019 — 773,7 тыс. (экспарт — 759,1 тыс., імпарт — 14,6 тыс.), 2020 — 97,9 тыс. (экспарт — 97,5 тыс., імпарт — 0,4 тыс.), 2021 — 1 млн 509,3 тыс. (экспарт — 1 млн 505,6 тыс., імпарт — 3,7 тыс.). Звестак за 2022 год таксама пакуль няма.

Лукашэнка наведваў Кувэйт больш за 20 гадоў таму, у кастрычніку 2002 года.

У краіне па сумяшчальніцтве акрэдытаваны амбасадар Мінска ў ААЭ.

Падзяліцца: