Мінск 07:43

У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года да пазбаўлення волі прыгаварылі пяць чалавек

Акцыя пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020 года
Фота: binkl.by

9 красавіка, Позірк. Суд Ленінскага раёну Брэста 5 красавіка вынес рашэнне ў дачыненні да шасці чалавек, якім інкрымінавалі ўдзел ў акціі пратэсту ў ноч на 11 жніўня 2020 года.

Справа была ўзбуджаная паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле матэрыялаў следства, падчас акцыі пратэсту абвінавачаныя “знаходзіліся на праезнай частцы, выкрыквалі лозунгі”, дэманстравалі бел-чырвона-белыя сцягі і “перашкаджалі руху грамадскага транспарта”.

Суддзя Андрэй Грушко прыгаварыў пецярых фігурантаў справы да пазбаўлення волі ў калоніі.

Віталь Чаркасаў і Аляксандр Жук асуджаныя на 2,5 гады, Арцём Завада і Уладзіслаў Барысаў — на 2, Арцём Кадыраў — на 1.

Удакладняецца, што ў жніўні 2020 года Кадыраў быў непаўналетнім, а ў дачыненні Жука рашэнне вынесенае з улікам папярэдняга прысуду паводле гэтага ж артыкула за ўдзел у іншай акцыі пратэсту.

Таксама па гэтай справе на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджаная Марыя Лёсік.

Адзначаецца, што абвінавачаныя прызналі віну.

2 красавіка стала вядома аб тым, што суд Баранавіцкага раёна (Брэсцкая вобласць) вынес прысуды васьмярым мясцовым жыхарам, прызнаўшы іх вінаватымі паводле арт. 342 КК. Адзін фігурант справы прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі, шасцёра — да 2 гадоў, адзін — да 1. Адзін з абвінавачаных, раней неаднаразова судзімы, у 2021 годзе быў асуджаны за забойства, шляхам паглынання пакаранняў агульны тэрмін зняволення склаў 25 гадоў. Паводле даных следства, 10–11 жніўня 2020 года абвінавачаныя ў Баранавічах удзельнічалі ў акцыях пратэсту. Ніхто з іх віну не прызнаў.

6 сакавіка праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў пра пачатак у Баранавічах судовага працэсу паводле арт. 342 КК у дачыненні да Аляксандра Лявончыка, Яўгена Цыбулькі, Юрыя Хаванскага, Міхаіла Петраша, Філіпа Сцёпіна, Вячаслава Баравіка, Крысціны Дыдышка-Чаркашынай і Івана Дыдышкі.

Падзяліцца: