Мінск 13:38

Да вучэнняў артылерыстаў з Баранавічаў упершыню прыцягнулі мноства вайскоўцаў у запасе

Камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук'яновіч (у цэнтры на першым плане)
Фота: прэс-служба Мінабароны

10 красавіка, Позірк. Двое сутак у пяці раёнах Беларусі будуць праходзіць вучэнні 120-й зенітнай ракетнай брыгады (дыслакуецца ў Баранавічах, Брэсцкая вобласць), паведаміла 10 красавіка прэс-служба Міністэрства абароны са спасылкай на камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэя Лук’яновіча.

Паводле яго слоў, “упершыню такія маштабныя задачы выконваюцца з прыцягненнем вялікай колькасці ваеннаслужачых, прызваных з запасу”. Пры гэтым военачальнік не назваў колькасць прызваных з запасу.

Лук’яновіч паведаміў, што на вучэннях “будуць адпрацаваныя новыя спосабы выкарыстання зенітна-ракетнага комплексу “Бук”.

“Пры выкананні задач вялікую ўвагу нададуць пытанням адбіцця паветранага нападу праціўніка, у тым ліку беспілотнымі лятучымі апаратамі, падвышэння жывучасці падраздзяленняў, размяшчэння на мясцовасці, маскавання, процідзеяння дыверсійна-выведвальным групам умоўнага праціўніка”, — заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА.

30 сакавіка было абвешчана, што 120-я зенітная ракетная брыгада прыведзена ў баявую гатоўнасць у рамках праверкі Узброеных сіл, якая праходзіць з 11 сакавіка.

9–11 красавіка ва Узброеных сіл праходзяць брыгадныя тактычныя вучэнні з баявой стральбой, якія з’яўляюцца “ключавым этапам праверкі боегатоўнасці”.

26 сакавіка, інспектуючы месцы дыслакацыі вайскоўцаў у Ашмянскім раёне (Гродзенская вобласць), Лукашэнка загадаў знішчаць любых парушальнікаў мяжы, заявіўшы, што Беларусь і Расія самі не збіраюцца нападаць на краіны Захаду.

Разам з тым 2 красавіка ў Гродне Лукашэнка заявіў: “Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра”. “Хочаш міру — рыхтуйся да вайны” — не я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана”, — працягнуў ён.

Падзяліцца: