Вячорка пра свой пераслед: Завочныя суды, арышты, штрафы — кпіны з правасуддзя

11 красавіка, Позірк. “Завочныя суды, завочныя арышты, завочныя штрафы — гэта ўсё кпіны з правасуддзя. Рэжым стаў пасмешышчам у вачах міжнароднай супольнасці”, — такім чынам галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў “Позірку” паведамленне Генеральнай пракуратурай аб накіраванні яго крымінальнай справы ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці.
Палітык мяркуе, што “завочныя суды не нясуць вялікай пагрозы тым, хто ў бяспецы”. “Рэальна трэба непакоіцца пра тых, хто ў Беларусі, хто адбывае рэальныя тэрміны. Пра іх мы павінны думаць і за іх вызваленне павінны змагацца. Кожны дзень”, — сказаў ён.
Кажучы пра дэталі сваёй справы, Вячорка адзначыў, што яго уражвае сума шкоды, якую ён нібыта нанёс. “Ажно 30 млн рублёў, — заўважыў ён. — Разумею, што сума завочная, як і суд, і арышт. Але ўсё адно цікава, адкуль яе ўзялі. Маральныя пакуты [Аляксандра] Лукашэнкі і яго губазікаўскіх галаварэзаў? І як яны будуць гэтую суму з мяне спаганяць? У мяне няма ні маёмасці, ні грошай. Адправяць на прымусовую адпрацоўку у вечную катаргу?”
Галоўны дарадца Ціханоўскай звярнуў увагу на тое, што ўладныя структуры “доўга нараджалі справу, аж некалькі гадоў, але, як кажуць, гара нарадзіла мыш”. “Цэлы спіс артыкулаў, якімі можна толькі ганарыцца”, — ацаніў ён сутнасць выстаўленых абвінавачанняў.
“Лукашэнкаўскія суддзі — гэта губазікаўцы ў мантыях, [яны] выконваюць даручэнні зверху. Прыйшоў загад зверху ўпаяць па максімуму — вось яны і выконваюць загад. Ні пра якую законнасць, справядлівасць гаворкі няма, проста яшчэ адна спроба выслужыцца перад кормчым”, — падкрэсліў палітык.
Вячорка не выключыў, што афіцыйны Мінск можа абвясціць яго ў вышук па лініі Інтэрпола. “Рэжым можа зараз спрабаваць перадаць у іншыя краіны запыт, маўляў, Вячорка вунь хаваецца, пераварот дзяржаўны рабіў, не хоча 30 млн нам плаціць. Але я ўпэўнены, што цывілізаваныя краіны гэтыя запыты праігнаруюць”, — заявіў ён, дадаўшы, што даўно знаходзіцца “ў вышуку Лукашэнкі, у вышуку Расіі, у міждзяржаўным вышуку СНД”.
Прадстаўнікі дэмсіл, паводле слоў дарадцы Ціханоўскай, уважліва падыходзяць да планавання маршрутаў замежнай дзейнасці і палётаў. Акрамя таго, яны працуюць над тым, каб “дзяржавы не рэагавалі на [такія] запыты праз Інтэрпол”.
“Еўрасаюз увогуле не бярэ да разгляду запыты, якія прыходзяць ад Лукашэнкі, — адзначыў ён. — Пасля інцыдэнту з групай “Бі-2″ у Тайландзе многія краіны адмовяцца ад супрацы з Расіяй і рэжымам Лукашэнкі па лініі Інтэрполу. Відавочна, для дыктатараў гэта інструмент для рэпрэсій, а не пошуку рэальных злачынцаў. Рэальныя злачынцы — гэта яны. Я думаю, Інтэрпол неўзабаве стане пагрозай для Лукашэнкі і яго атачэння за іх злачынствы”.
36-гадоваму Вячорку інкрымінавана дзевяць крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 130 (распальванне <…> варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваНа Дзень незалежнасці-2025 здарылася на 60% больш пажараў, чым год тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства3 ліпеня ў Беларусі перакрыты тэмпературны рэкорд дня амаль 90-гадовай даўніны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка