Мінск 09:56

У абноўленым спісе “экстрэмістаў” амаль 4 тыс. чалавек

Крыніца: unsplash.com / Ron Dyar

19 красавіка, Позірк. У пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, 19 красавіка дададзена яшчэ 22 чалавекі, цяпер у ім 3.997 пазіцый.

Згодна з абноўленым дакументам на сайце МУС, восем уключаных у спіс знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, насупраць прозвішчаў чатырнаццаці стаіць пазнака “судзімасць не пагашана”. Апошнім, верагодна, было прызначана пакаранне, не звязанае з заключэннем.

З васьмі пазбаўленых волі толькі Дзмітрыя Палякова праваабарончая супольнасць ужо прызнала палітвязнем. 29 студзеня суд Першамайскага раёна Віцебска прыгаварыў мужчыну да 1,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Суд таксама пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 100 базавых велічыняў (4.000 рублёў), а таксама кампенсацыю маральнай шкоды на карысць траіх “пацярпелых” — кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў — на агульную суму 5.500 рублёў. Скарга на рашэнне суда павінна была разглядацца 16 красавіка, вынік невядомы.

Астатнія сем асоб, што адбываюць пакаранне, — Юрый Валчкевіч, Ілля Талстоў, Юрый Лапуцін, Сяргей Чэкель, Васіль Лапуцін, Дзяніс Петушкоў і Сяргей Макарэвіч — палітвязнямі пакуль не прызнаныя, хаця асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў, якія ўлады актыўна выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу. Сярод іх арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Сярод асоб з пазнакай “судзімасць не пагашана” вылучаецца цэлая сям’я: Валерый, Валянціна і Павел Мікша. Яны асуджаныя паводле арт. 342 КК.

Фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Цягам пяці гадоў пасля выканання судовых рашэнняў людзі з гэтага пераліку не могуць займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, быць на дзяржслужбе, карыстацца зброяй.

Падзяліцца: