Мінск 11:20

Выйшаў на волю экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў

Заява Дзмітрыева на выпадак затрымання, распаўсюджаная ў студзені 2023 года
Скрыншот: відэазварот палітыка

20 красавіка, Позірк. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэй Дзмітрыеў 20 красавіка вызваліўся пасля зняволення, да якога ён быў прыгавораны ў рамках палітычна матываванай справы, паведаміла “Позірку” крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

Дзмітрыеў, якому зараз 42 гады, быў у няволі з 11 студзеня 2023 года. Неўзабаве пасля затрымання Следчы камітэт заявіў, што той нібыта “браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках” у Мінску пасля выбараў, а таксама “599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года”. СК сцвярджаў, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі ЗША і Захаду у цэлым “можа сведчыць пра каардынацыю яго “палітычнай” дзейнасці з-за мяжы”.

6 красавіка 2023 года суд Маскоўскага раёна Мінска (суддзя Кацярына Мурашка) прыгаварыў палітыка да 1,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). У сувязі з крымінальным пераследам праваабаронцы прызналі Дзмітрыева палітвязнем.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Дзмітрыеў, як сцвярджаў ЦВК, набраў 1,21% галасоў. Палітык быў членам аргкамітэта “Нашай партыі”, сустаршынёй дэ-юрэ ліквідаванага ўладамі грамадскага аб’яднання “Гавары праўду”.

Дзмітрыева затрымлівалі 12 жніўня 2021 года ў перыяд масавага нападу на прадстаўнікоў медыя і трэцяга сектара. Быў адпушчаны ў той жа дзень пасля таго, як даў падпіску аб неразгалошванні таямніцы следства.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Дзмітрыеў быў кіраўніком выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева (быў збіты ў асноўны дзень галасавання, 19 снежня). Раніцай 20 снежня Дзмітрыеў быў затрыманы. Неўзабаве пасля гэтага дзяржСМІ пачалі тыражаваць знятую на відэакамеру КДБ заяву палітыка пра тое, што міліцыя да збіцця Някляева дачынення не мае. Пасля ён патлумачыў свой учынак бояззю за свабоду нявесты, што была затрыманая разам з ім.

Дзмітрыева абвінавацілі спачатку ў арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК), затым — паводле больш лёгкага арт. 342; праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Палітыка адпусцілі 3 студзеня 2011 года пад падпіску аб нявыездзе. 20 траўня таго ж года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў Дзмітрыева да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з двухгадовым выпрабавальным тэрмінам.

Падзяліцца: