Мінск 11:01

Латушка: Няўдзел у выбарах у КР — гэта галасаванне за тых, хто выступае за Лукашэнку

Апублікавана ў адкрытай версіі “Позірку” 28 красавіка 2024 года.

Фота: reform.news

27 красавіка, Позірк. У выпадку выбрання ў Каардынацыйную раду (КР) намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка захавае пасаду ў АПК. Гэта вынікае з яго заявы на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 27 красавіка.

Палітык прывёў у прыклад прэм’ер-міністраў Польшчы і Літвы, якія адначасова з’яўляюцца дэпутатамі парламента.

“У гэтым і ёсць эфектыўнасць узаемадзеяння структур”, — сказаў ён.

Латушка заклікаў прыняць удзел у выбарах у КР.

“Калі мы не пойдзем на выбары, то фактычна мы аддаем права, каб далей выбіраў за нас і вырашаў за нас Лукашэнка. Неўдзел у выбарах у гэтай сітуацыі — гэта менавіта галасаванне за тых, хто выступае за Лукашэнку”, — лічыць ён.

Паводе палітыка, ён агітуе “не перадусім за сябе”, а за ўдзел у кампаніі.

Пры гэтым экс-дыпламат агучыў пункты перадвыбарчай праграмы свайго спісу: незалежнасць (стварэнне нацыянальных інстытутаў, падтрымка незалежных СМІ і беларускай мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці), салідарнасць (дапамога беларусам унутры краіны), адказнасць (рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы), ціск (міжнародныя санкцыі), дыяспара (дапамога былым палітвязням за мяжой, спрашчэнне легалізацыі беларусаў у эміграцыі), знешняя палітыка (стварэнне сярод дэмакратычныз краін групы стратэгічных партнёраў і лабістаў дэмсіл Бклаоусі), будучыня (выбарнасць улады, бяспека, устойлівая эканоміка).

Латушка і яго аднадумцы таксама выступаюць за перазапуск камісіі КР па палітвязнях, стварэнне камісіі па дапамозе дабраахвотнікам ва Ўкраіне.

Таксама прапануецца ўзмацненне інстытутаў дэмсіл з адначасовым дакладным размежаваннем паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам-электам, АПК і КР.

Кіраўнік руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч на выбарах у КР бачыць “неабходнасць яўкі кожнага, хто мае такую магчымасць, хто адчувае сябе ў бяспецы, каб быць прадстаўленымі пасля тымі палітыкамі, якія атрымаюць перамогу”.

“Праграмы могуць быць розныя. І я перакананы, пазнаёміўшыся са спісамі кандыдатаў, што там не будзе ворагаў. Там будуць канкурэнты, там будуць людзі з рознымі поглядамі на ключавыя пытанні далейшага развіцця і Беларусі, і таго, што павінна рабіць дэмакратычная супольнасць для таго, каб наблізіць перамены і дэмакратыю ў нашай краіне”, — заявіў ён.

Пасля верыфікацыі да першых выбараў у Каардынацыйную раду (КР) дапушчана 12 спісаў, якія агулам налічваюць 265 кандыдатаў.

26 красавіка КС апублікаваў прозвішчы ўсіх прэтэндэнтаў.

У спіс кандыдатаў “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” ўваходзяць 46 чалавек.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца тры дні — да 23:59 27 траўня. Першае пасяджэнне КР трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.

Падзяліцца:
be