Мінск 21:20

Расійскі эксперт Круціхін: Не бачу ніякіх перспектыў знайсці ў Беларусі нафту або газ

Скрыншот відэа: sobesednik.ru

1 траўня, Позірк. Тэрыторыя Беларусі добра вывучаная “геолагамі, нафтавікамі, спецыялістамі ў газавай галіне” — “сур’ёзных камерцыйных запасаў нафты і газу” не выяўлена, заявіў у эфіры ютуб-канала “Папулярная палітыка” расійскі нафтагазавы эксперт Міхаіл Круціхін, каментуючы неаслабнае жаданне Аляксандра Лукашэнкі знайсці ў айчынных нетрах вуглевадароды.

Круціхін назваў такі падыход “тыповай памылкай многіх кіраўнікоў”.

“Я ўспамінаю, як некалькі гадоў запар у Польшчы насіліся з ідэяй наладзіць здабычу так званага сланцавага газу. Гэта значыць газу са сланцавых парод. Знайшлі нават дзесьці нейкія месцы, прасвідравалі доследныя свідравіны… І на адной канферэнцыі за другой паказвалі <…> узоры грунту, пароды горнай, вынятай з гэтых свідравін, і казалі: бачыце, вось тут сляды бачныя вуглевадародаў”, — адзначыў эксперт.

Потым, паводле яго слоў, “палічылі-палічылі, і выявілася, што гэта поўная туфта і нічога там здабываць нельга з многіх прычын”.

“Для здабычы чагосьці сланцавага трэба вялікія тэрыторыі пакрыць сеткай свідравін. А дзе вы ў Польшчы зараз знойдзеце свабодныя землі, якія можна пакрыць такой сеткай свідравін, як у Тэхасе, Луізіяне або Дакоце? Ну, няма такіх тэрыторый”, — удакладніў ён.

Прывёўшы ў прыклад Украіну, Круціхін сказаў, што “там ёсць не проста магчымасць здабываць газ — там здабываецца газ”, больш за тое, “ёсць магчымасць інтэнсіфікаваць здабычу, напрыклад, у Палтаўскай вобласці”.

“[Але ва Украіне таксама] разважалі пра тое, што Данбас можа стаць крыніцай газу з запасаў каменнага вугалю. Нічога не атрымалася. <…> Аказалася, там нічога няма”, — канстатаваў эксперт.

“Тое ж самае, думаю, тычыцца і Беларусі. Перспектыў знайсці там газ або нафту ў камерцыйных аб’ёмах я не бачу ніякіх”, — падкрэсліў ён.

22 красавіка, прызначаючы Сяргея Масляка міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Лукашэнка заявіў: “Я не веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты”.

“Скажу прама: трэба капаць і шукаць, — сказаў ён. — Акрамя гэтага, трэба, каб ты прымусіў усіх у гэтым кірунку працаваць. Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба. Вось калі хоць у нейкай ступені вырашыш гэтую задачу, гэта помнік можна ставіць у любым месцы”.

На нарадзе аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы 12 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі дрэнна шукаюць карысныя выкапні.

“Усе карысныя выкапні — наш нацыянальны здабытак, — адзначыў ён. — Стратэгічны запас, які належыць народу. І толькі народу. Гэта і калій, і нафта, і самы вялікі рэсурс — прэсная вада (бясцэнны рэсурс), і многае іншае. Але з тым, што мы маем, трэба пісьменна і па-гаспадарску распараджацца. А тое, што не маем, трэба шукаць. Шукаем дрэнна”.

Пасля анлайн-сустрэчы з кіраўніцтвам Кітайскай геалагічнай службы 22 сакавіка Андрэй Худык, які на той момант узначальваў Мінпрыроды, анансаваў прыезд “у бліжэйшы час” у Беларусь “галоўнага геолага” КНР. На сустрэчы абмяркоўваўся кітайскі вопыт і тэхналогіі пошуку, выведкі і здабычы вуглевадародаў, “праблемы і перспектывы развіцця беларускай нафтагазавай галіны”, інвестыцыйны клімат Беларусі, “заканадаўчае рэгуляванне нетракарыстання”.

Міхаіл Круціхін — расійскі эканамічны аналітык, спецыяліст па нафтагазавым рынку, перакладчык, журналіст, гісторык і ўсходазнаўца. Экс-галоўны рэдактар амерыканскага часопіса Russian Petroleum Investor. З 2002 года — партнёр інфармацыйна-кансалтынгавага агенцтва RusEnergy. З 1993 года займаецца аналітыкай нафтагазавых інвестыцый у былых савецкіх рэспубліках.

Адзін з самых запатрабаваных у рускамоўных СМІ экспертаў па нафтагазавай тэматыцы.

Жыве ў Нарвегіі. У Расіі прызнаны “замежным агентам”.

Падзяліцца: