Мінск 07:21

Частку сродкаў для абслугоўвання знешняга дзярждоўгу накіруюць на аздараўленне дзяцей

Дзіцячы санаторый "Сонейка" ў Слуцкім раёне (Мінская вобласць)
Ілюстрацыйнае фота: alean.ru

4 траўня, Позірк. Выдаткі, прадугледжаныя ў рэспубліканскім бюджэце на 2024 год для абслугоўвання знешняга дзяржаўнага доўгу, зменшаныя на 25 млн 124,6 тыс. рублёў, вынікае з пастановы Савета міністраў № 336 ад 3 траўня.

Згодна з дакументам, апублікаваным 4 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, Міністэрства фінансаў павінна накіраваць гэтыя сродкі на забеспячэнне дзіцячага санаторна-курортнага лячэння.

У адпаведнасці з законам аб актуальным рэспубліканскім бюджэце на абслугоўванне знешняга дзярждоўгу закладзена 3 млрд 655 млн 268,109 тыс. рублёў (на сёння — 1 млрд 132 млн 819,322 тыс. долараў). Такім чынам, гэтая сума зменшана на 0,7%.

Паводле даных Нацыянальнага банка, валавы знешні доўг Беларусі за кастрычнік — снежань 2023 года павялічыўся на 213,4 млн долараў (+0,6%) і на 1 студзеня 2024-га склаў 36 млрд 875,3 млн.

За мінулы год гэты паказчык зменшыўся на 7,3% (на 1 студзеня 2023-га -— 39 млрд 794,9 млн).

Запазычанасць сектара дзяржаўнага кіравання склала 16 млрд 947,3 млн долараў, скараціўшыся за квартал на 1,3% (-228,3 млн), Нацбанка і іншых дэпазітных арганізацый — 5 млрд 496,3 млн (-2,2%; -119 млн), іншых сектараў — 12 млрд 236,7 млн (+1,5%; +186,1 млн), па прамых інвестыцыях (міжфірменнае крэдытаванне) — 2 млрд 195 млн (+6,6%; +135,7 млн).

4 лютага ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” беларускі амбасадар у РФ Дзмітрый Круты заявіў, што Расія “чуе ўсе прапановы” Беларусі: “Мінфінансаў (верагодна, Расіі. — “Позірк“.) выпрацоўвае стратэгію работы з доўгам і працэнтамі на 2024–2026 гады для таго, каб дзярждоўг не ціснуў на бюджэт Беларусі. Каб мы маглі накіроўваць сродкі на інвестыцыйныя праекты, падтрымліваць праекты ў Беларусі і захоўваць на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы”.

Паводле інфармацыі Сусветнага банка, у 2022 годзе найбуйнейшым крэдыторам Беларусі была Расія. Запазычанасць перад ёй дасягнула амаль 8,24 млрд долараў.

У Беларусі самае нізкае ў ЕАЭС пакрыццё знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі — ЕЭК

29 красавіка, Позірк. Беларусь на 1 студзеня 2024 года знаходзілася на апошнім месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) паводле паказчыку пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзервамі, вынікае з праведзенага "Позіркам" аналізу даных Еўразійскай эканамічнай камісіі. Беларусь за год скараціла свае знешнія абавязацельствы на 7,3% (да 36 …
Падзяліцца: