Мінск 17:38

Латушка заступіўся за калег па кааліцыі, якіх у Беларусі маюць намер завочна судзіць

Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова (злева направа)
Архіўнае фота: Hrodna.life / Ірына Новік

4 траўня, Позірк. У падтрымку Надзеі Сцепанцовай і Жанны Захаркевіч, у дачыненні да якіх Следчы камітэт 2 траўня распачаў спецыяльную вытворчасць, выступіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

Жанчыны ўваходзяць у лік 46 кандыдатаў спісу “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, які балатуецца ў трэці склад Каардынацыйнай рады (КР).

Палітык нагадаў у сваім тэлеграм-канале, што Сцепанцова і Захаркевіч “удзельнічалі ў мірных пратэстах у Гродна, за што былі асуджаны да “хіміі” (абмежавання волі).

“Жанчыны вырашылі ўцякчы з Беларусі і прайшлі 12 гадзін па лесе і дрыгве ў бок Літвы, — напісаў Латушка. — Адважны ўчынак беларусак крануў сэрцы мільёнаў карыстальнікаў сацсетак. Надзея і Жанна працягваюць барацьбу. Кожны тыдзень яны бяруць удзел у акцыях каля генконсульства рэжыму ў Беластоку, падтрымліваюць аднаго з лідараў польскай этнічнай меншасці ў Беларусі, палітзняволенага Анджэя Пачобута”.

Намеснік кіраўніцы АПК назваў гонарам тое, што яны далучыліся да групы, якую ён разам з лідарам “Руху “За Свабоду” Юрасём Губарэвічам вядзе на выбары ў КР.

“Шаноўныя Надзея і Жанна! Ваша барацьба за вольную Беларусь — прыклад для многіх беларусаў. Мы абавязкова пераможам. А сапраўдныя злачынцы яшчэ будуць прыцягнутыя да адказнасці”, — звярнуўся Латушка да калег па кааліцыі.

Сцепанцова і Захаркевіч — сёстры. СК інкрымінуе ім ч. 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

10 сакавіка 2021 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў жанчын вінаватымі паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў) КК. Сцепанцова была прыгавораная да 3,5 года, Захаркевіч — да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. На момант абвяшчэння выраку яны не былі пад вартай.

Актывісткі пакінулі Беларусь пасля няўдалай апеляцыі, да пачатку выканання прыгавору.

Спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Магчымая, па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Падзяліцца: