Мінск 07:08

Латушка назваў “годным крокам” наданне Арменіяй прытулку беларусу Новікаву

Источник: pixabay.com

8 траўня, Позірк. “Мы ўдзячныя армянскаму боку за дапамогу Яраславу Новікаву”, — заявіў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

“Гэта вельмі годны і правільны крок з боку армянскіх уладаў у адносінах да беларусаў”, — адзначыў ён.

Латушка паведаміў, што 26 лютага сустракаўся з паслом Арменіі ў Варшаве Аляксандрам Арзуманянам і перадаў яму просьбу, каб Новікаў “не быў выдадзены рэжыму Лукашэнкі”.

Новікава, які пакінуў Беларусь летась увесну, затрымалі 2 лютага 2024 года, калі ён з Грузіі перасёк мяжу з Арменіяй, каб зрабіць у Ерэване балгарскую візу. Высветлілася, што беларускія ўлады абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу).

4 лютага суд узяў беларуса пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, пасля чаго мужчына папрасіў у гэтай краіне палітычнага прытулку. Яго выдачы ў Беларусь спрабавалі перашкодзіць армянскія праваабаронцы і беларускія дэмакратычныя сілы.

21 сакавіка прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла “Позірку”, што на сустрэчы палітыка са спікерам парламента Арменіі Аленам Сіманянам абмяркоўвалася сітуацыя з Новікавым. Прадстаўнікі Арменіі паведамілі, што ён атрымае палітычны прытулак.

8 траўня “Медыязона” са спасылкай на юрыста Араіка Папікяна паведаміла, што мужчына атрымаў статус уцекача.


Падзяліцца: