Мінск 19:21

Юрыст: У становішчы інкамунікада знаходзяцца як мінімум шэсць палітвязняў

Апублікавана ў адкрытай версіі “Позірку” 9 траўня.

Максім Знак
Архіўнае фота: tut.by

8 траўня, Позірк. Праваабарончай супольнасці вядома мінімум пра шэсць беларускіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў стане поўнага інкамунікада — без усялякай сувязі са знешнім светам, паведаміла юрыст Наталля Мацкевіч падчас дыскусіі “Знікаючыя зняволеныя ў Беларусі” 8 траўня ў Варшаве.

Мерапрыемства прайшло пад эгідай Рабочай групы па адвольных затрыманнях (спецыяльная працэдура ААН).

Размова ідзе пра Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.

“Але мы не ведаем яшчэ, напэўна, яшчэ пра тыя выпадкі, якія сёння непублічныя. Бо нават калі сувязь знікае ці сувязь з’яўляецца, сваякі і адвакаты асцерагаюцца пра гэта казаць”, — дадала юрыст.

Мацкевіч, пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі ў Беларусі ў 2021 годзе, падкрэсліла, што працягвае прадстаўляць сваіх падабаронных, паколькі такіх паўнамоцтваў з яе “ніхто [з іх] не здымаў”.

Беларусь яна назвала “першай у свеце краінай”, дзе пра лёс падабаронных нічога не вядома “больш за 400 дзён”.

“Мы ўжо зараз пачалі лічыць дні. І кожны гэты дзень прачынаешся са страхам ад таго, што могуць прыйсці дрэнныя навіны”, — сказала спецыяліст.

“Мы, здаецца, ужо выкарыстоўвалі ўсе магчымыя прававыя метады, таму што па ўсіх нашых падабаронных знаходзяцца скаргі ў Камітэце па правах чалавека ААН. Па Сяргею Ціханоўскаму, Максіму Знаку, Віктару Бабарыку КПЧ запытаў тэрміновыя меры ў сувязі з іх знаходжаннем у інкамунікада”, — паведаміла Мацкевіч.

Рабочая група па адвольных затрыманнях прыняла рашэнні па справах Ціханоўскага і Знака, удакладніла яна, быў накіраваны зварот да афіцыйнага Мінска ў рамках двух спецпрацэдур ААН, аднак адказаў па іх не атрымана.

Паводле слоў Мацкевіч, важна “хаця б даведацца, што гэтыя людзі жывыя, і што з іх здароўем, магчыма, усё памяркоўна”.

Сястра Знака Ірына Козікава паведаміла, што пра яго няма ніякай інфармацыі амаль 15 месяцаў — апошні атрыманы сваякамі ліст датаваны 9 лютага 2023 года. На той момант палітвязень знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу ў папраўчай калоніі №3 (Віцьба, Віцебская вобласць).

Паводле яе слоў, вядомы юрыст, які адбывае 10-гадовае пазбаўленне волі, можа напераменку знаходзіцца ў ПКТ і штрафным ізалятары, што яна ахарактарызавала як катаванні.

Аўтар напісанага ў няволі і выдадзенага ў 2022 годзе рамана “Зекамерон” на дадзены момант не можа займацца творчасцю, дадала яго сястра.

У родных Знака няма інфармацыі, ці жывы ён, сказала на заканчэнне Козікава.

Паводле кіраўніцы праекта дапамогі палітзняволеным жанчынам “Палітвязынка” Яўгеніі Доўгай, у стане інкамунікада таксама знаходзяцца палітзняволеныя Алена Гнаўк і Вольга Маёрава, паколькі пра першую з іх няма ніякай інфармацыі са студзеня 2024 года, пра другую — больш за паўгода.

На 8 траўня праваабарончай супольнасцю палітвязнямі прызнана 1.375 чалавек.

Падзяліцца: