Мінск 13:18

Ціханоўская падтрымала пратэстоўцаў у Грузіі

Акцыя пратэсту ў Тбілісі 11 траўня
Фота: "Позірк"

12 траўня, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы X падтрымала грамадзян Грузіі, якія пратэстуюць супраць прыняцця ўрадам закона аб “празрыстасці замежнага ўплыву”.

“Маё сэрца з народам Грузіі, — напісала палітык. — Гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў абсалютна непрымальны”.

На думку Ціханоўскай, народы Грузіі, Беларусі, Украіны, Малдовы і Арменіі заслугоўваюць будучыні ў складзе Еўрасаюза.

15 красавіка ў парламенце Грузіі пачаўся разгляд законапраекта “Аб празрыстасці замежнага ўплыву”. Дакумент ініцыяваны кіруючай партыяй “Грузінская мара”, ён прадугледжвае стварэнне рэестра арганізацый (НКА, СМІ і інш.), якія фінансуюцца з-за мяжы больш чым на 20%. Іх абавяжуць публікаваць гадавую фінансавую справаздачу.

Апазіцыйныя партыі і значная частка грамадства лічаць, што закон накіраваны на ўшчамленне палітычных і грамадзянскіх свабод у краіне. У незалежных медыя і сацсетках дакумент называюць “рускім законам” і “законам аб замежных агентах”. На думку яго праціўнікаў, дзеянне закона будзе аналагічным расійскаму, з дапамогай якога Крэмль пераследуе сваіх апанентаў.

Таксама заяўляецца, што гэта пазбавіць Грузію перспектывы ўступлення ў Еўрасаюз. Цяпер гэтая краіна мае статус кандыдата ў ЕС.

Улады ў Тбілісі адмаўляюць такія аналогіі і трактоўкі, сцвярджаючы сярод іншага, што такая норма маецца ў заканадаўстве ЗША і яна не стане перашкодай для еўраінтэграцыі.

Гэта другая спроба прыняцця закона аб “замежных агентах”, першая — у сакавіку 2023 года — правалілася. Праз масавыя вулічныя выступы і пад ціскам краін Захаду “Грузінская мара” адклікала законапраект.

На сёння законапраект прыняты ў двух чытаннях, трэцяе — завяршальнае — запланаванае на 13 траўня.

Прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі, якая знаходзіцца ў апазіцыі да ўрада, заявіла, што накладзе вета на дакумент. Аднак кіруючая партыя ўжо пераадольвала прэзідэнцкія вета з дапамогай дадатковага галасавання.

Акцыя пратэсту ў Тбілісі 11 траўня
Крыніца: тэлеграм-канал Tbilisi life

З 15 красавіка ў Грузіі не спыняюцца вулічныя пратэсты супраць закона. У іх удзельнічаюць дзясяткі тысяч чалавек. Маніфестацыі часам суправаджаюцца сутычкамі з паліцыяй. Падчас адной з іх сілавікі выкарыстоўвалі вадамёты, слезацечны газ і іншыя спецсродкі.

Паводле адміністрацыйных абвінавачванняў з пачатку пратэстаў затрымана больш за 100 чалавек. Распачата некалькі крымінальных спраў паводле артыкула аб гвалце ў дачыненні да паліцэйскіх.

11 траўня ў сталіцы Грузіі прайшоў самы масавы мітынг з пачатку пратэстаў. Па розных ацэнках, у ім удзельнічала ад 150 да 200 тыс. чалавек.

Еўрасаюз неаднаразова заклікаў грузінскія ўлады не прымаць закон. ЗША заявілі аб магчымым увядзенні санкцый у дачыненні да асоб, адказных за прыняцце дакумента.

Падзяліцца: