Мінск 03:21

Прадстаўніца АПК Гарбунова: Любоў, павага, талерантнасць — асноўныя каштоўнасці беларускага народа

Фота: АПК

17 траўня, Позірк. Усе людзі “заслугоўваюць быць тымі, кім ёсць, без страху быць адрынутымі ці падвергнутымі гвалту”, заявіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Вольга Гарбунова ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй, які адзначаецца 17 траўня.

“Мы салідарныя з ЛГБТК+-супольнасцю, бо яе правы — гэта не асаблівыя правы, гэта правы чалавека, якія павінны быць гарантаваныя ўсім без выключэнняў”, — цытуе Гарбунову прэс-служба АПК.

Яна адзначыла, што нават у XXI стагоддзі “людзі церпяць гвалт і дыскрымінацыю з-за сваёй сексуальнай арыентацыі ці гендарнай ідэнтычнасці”.

“Рэжым Лукашэнкі ўзяў курс у бок Расіі, паступова змяняючы заканадаўства ў дачыненні да квір-людзей. Пастанова Міністэрства культуры, у якой звычайныя жыцці людзей ЛГБТК+ называюцца “парнаграфіяй”, абсурдная. І небяспечная, бо практыка “праваахоўчых” органаў можа зайсці вельмі далёка”, — адзначыла прадстаўніца кабінета.

Паводле яе слоў, пераслед людзей за тое, што яны проста любяць, кахаюць, выглядае як перажытак цёмных часоў, калі невуцтва і страх перад невядомым кіравалі паводзінамі грамадства.

“Хочацца верыць, што гуманізм і асвечанасць урэшце рэшт пераадолеюць стэрэатыпы”, — падкрэсліла яна, выказаўшы надзею, што аднойчы беларусы “змогуць пабудаваць свет, дзе кожны будзе прыняты, любімы і каханы”.

У 2023 годзе Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі ў сваёй справаздачы паведаміў, што падчас затрымання сілавікамі прадстаўнікі супольнасці ЛГБТК+ станавіліся ахвярамі не толькі пагроз, але і гвалту. Да іх ужывалі гвалт за колер і даўжыню валасоў, пазногцяў. Іх зневажалі, абражалі і ўжывалі фізічную сілу за адзенне, змест асабістай перапіскі, змесціва сумак.

У снежні 2022 года старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава анансавала прыняцце закона аб забароне “прапаганды ЛГБТ”, спаслаўшыся на досвед Расіі, “традыцыі сям’і і праваслаўя”.

31 сакавіка 2023 года Аляксандр Лукашэнка ў пасланні народу і Нацыянальнаму сходу яшчэ раз падкрэсліў “паблажлівае стаўленне” да жаночаქ гомасэксуальнасці (віна “мужыкоў”) і радыкальнае непрыманне сексуальных адносін паміж мужчынамі, назваўшы іх “вычварэнцамі”. У 2012 годзе ён заявіў, што “лепш быць дыктатарам, чым “блакітным”. Тады гаворка ішла пра міністра замежных спраў Германіі Гвіда Вэстэрвэле, прадстаўніке ЛГБТ-супольнасці, які назваў Лукашэнку дыктатарам.

12 верасня 2023 года старшы пракурор аддзела па наглядзе выканання заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Раман Сідарэнка паведаміў на прэс-канферэнцыі, што  ў Беларусі з ініцыятывы згаданага ведамства прапануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць за прапаганду “нетрадыцыйных сексуальных стасункаў, змены полу, педафіліі і чайлдфры”.

Сёлета 9 красавіка Міністэрства культуры апублікавала пастанову, у якой прыраўняла дэманстрацыю “нетрадыцыйных палавых стасункаў і (або) палавых паводзін” да парнаграфіі.

Згодна з апублікаванай 15 траўня мапай прававога становішча прадстаўнікоў сексуальных меншасцей парасонавай арганізацыяй еўрапейскіх ЛГБТК+ ILGA-Europe, Беларусь займае 45-е месца (набрала 11,16 са 100%) сярод 49 краін Еўропы.

Горш, чым у Беларусі, ацэньваецца прававое становішча ЛГБТК+ у Арменіі (9,16%), Турцыі (4,75%), Азербайджане (2,25%) і Расіі (2%).

Падзяліцца: