Мінск 17:27

Беларусь і Сербія маюць намер супрацьстаяць скажэнню “гістарычных падзей на Балканах”

Фота: pixabay.com

22 траўня, Позірк. Перспектывы кантактаў у 2024 годзе абмеркавалі па тэлефоне 21 траўня міністр замежных спраў Сяргей Алейнік і яго сербскі калега Марка Джурыч, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што суразмоўцы пацвердзілі “ўзаемную гатоўнасць да ўмацавання супрацоўніцтва, працягу палітычнага і міжгаліновага дыялогу”.

“Асобна разгледжана праблематыка ўзаемнай падтрымкі на шматбаковых пляцоўках найперш у сістэме ААН, — гаворыцца ў паведамленні. — Бакі канстатавалі блізкасць падыходаў і ўзаемнае імкненне працягваць скаардынаваную дзейнасць у мэтах вырашэння ключавых пытанняў міжнароднага парадку дня”.

Падчас гутаркі “праяўлены настрой абедзвюх краін супрацьстаяць спробам скажэння асобных гістарычных падзей на Балканах”.

У 2021 годзе Сербія далучылася да санкцый Еўрасаюза супраць Мінска, пасля расійскага ўварвання ва Украіну падтрымала наступныя пакеты абмежаванняў. Напрыканцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сербію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Яно працягнутае да канца 2024 года.

Пры гэтым Сербія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумент набыў моц 10 ліпеня 2021 года.

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 20 лістапада 2023 года Сяргея Маліноўскага амбасадарам у Сербіі і Паўночнай Македоніі па сумяшчальніцтве, заявіў, што Бялграду трэба “разабрацца ў той палітыцы”, якую ён “праводзіць і жадае праводзіць у дачыненні да Беларусі”.

“Калі яны хочуць [супрацоўнічаць з Беларуссю], павінен быць вынік у гандлёва-эканамічных стасунках, — сказаў ён. — Калі яны хочуць віхляць хвастом, груба кажучы, і падтрымліваць еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць Беларусі, гэта іх праца, няхай вызначаюцца і падтрымліваюць, калі яны забыліся пра тое дабро, з якім мы ішлі да іх”.

2 лютага беларускі дыпламат уручыў даверчыя граматы прэзідэнту Сербіі Аляксандру Вучычу. Яны абмеркавалі “перспектывы актывізацыі двухбаковага палітычнага дыялогу”, “актуальныя аспекты беларуска-сербскага ўзаемадзеяння з акцэнтам на магчымасці пашырэння эканамічных сувязей”.

Лукашэнка, віншуючы Вучыча з Днём дзяржаўнасці 15 лютага, назваў Сербію “важным і надзейным партнёрам” Беларусі ў Еўропе і выказаў зацікаўленасць у “дынамічным развіцці шматгранных двухбаковых кантактаў у духу ўзаемнай павагі і падтрымкі”.

У лютым і сакавіку Маліноўскі сустракаўся з дзяржсакратаром сербскага знешнепалітычнага ведамства Горанам Алексічам, выканаўцамі абавязкаў намесніка кіраўніка МЗС Ягадай Лазарэвіч, Тамарай Раставац Сіямашвілі, дырэктарам Інстытута міжнароднай палітыкі і эканомікі Браніславам Джорджэвічам. На перагаворах абмяркоўвалася палітычная і гандлёва-эканамічная супраца.

У кастрычніку 2023 года па прылёце ў Бялград сербскія памежнікі затрымалі, а пасля перадалі паліцыі 41-гадовага беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, якога абвясціла ў вышук нацыянальнае бюро Інтэрпола. Яно запатрабавала экстрадаваць мужчыну ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Праваабаронцы і адвакат Гнета настойваюць, што ён пераследуецца паводле палітычных, а не эканамічных матываў, як заяўляюць у Мінску. 12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў першапачатковае рашэнне аб выдачы рэжысёра Беларусі. Справу некалькі разоў пераглядалі, рашэнне чакаецца дагэтуль.

Падзяліцца: