Мінск 20:30

Улады абмежавалі доступ да сайта, які прапануе паслугі па легальным вызваленні ад вайсковай службы

Крыніца: povestka.org

23 траўня, Позірк. Па патрабаванні Генеральнай пракуратуры абмежаваны доступ да сайта povestka.org, паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Адзначаецца, што на ўказаным партале “друкавалася інфармацыя, якая прапагандуе спосабы ўхілення ад выканання вайсковага абавязку”, акрамя таго, там “аказвалася дапамога прызыўнікам у частцы ўхілення ад праходжання тэрміновай вайсковай службы”. Усё гэта, як сцвярджаецца, “супярэчыць нацыянальным інтарэсам дзяржавы”.

Сайт па-ранейшаму адкрываецца з-за мяжы, на яго галоўнай старонцы паведамляецца, што ініцыятыва прапануе “легальныя рашэнні для прызыўнікоў і іх бацькоў”. “Тысячы кліентаў сервісу атрымалі вызваленне ад войска па стане здароўя, не парушаючы закон”, — гаворыцца на партале.

У адпаведнасці з заканадаўствам, прызыву на тэрміновую вайсковую службу падлягаюць грамадзяне мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія стаяць або абавязаныя знаходзіцца на вайсковым уліку і не знаходзяцца ў запасе.

У пачатку 2023 года ў Беларусі былі перагледжаныя патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы, вынікае з сумеснай пастановы Міністэрстваў абароны і аховы здароўя ад 18 студзеня.

Згодна з дакументам, які на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны толькі 4 лютага, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы памежнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Акрамя таго, былі зніжаныя патрабаванні да стану здароўя прызыўнікоў. Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службе ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных збудаваннях.

16 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка ўхваліў закон, які сярод іншага рэгламентуе абмежаванні на выезд грамадзян з Беларусі. Згодна з дакументам, КДБ надзяляецца правам не выпускаць з краіны грамадзян, “выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі”.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў беларускім грамадстве існуюць асцярогі наконт уцягвання ў вайну беларускага боку.

23 красавіка арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведаміла, што ва “ўмовах строгай сакрэтнасці” ўлады рыхтуюцца ўвесці абмежаванні на выезд за мяжу мужчын, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую вайсковую службу.

“Увядзенне абмежавання права на выезд названай катэгорыі асоб будзе ўзнікаць аўтаматычна адначасова з апублікаваннем указа дыктатара аб правядзенні чарговага прызыву, нават калі ваеннаабавязаны спраўна з’яўляецца ў ваенкамат і праходзіць усе неабходныя працэдуры. Яно будзе здымацца са сканчэннем мерапрыемстваў прызыву на тэрміновую вайсковую службу”, — удакладніў BelPol.

Падзяліцца: