Мінск 12:03

МУС: Кожнае пятае злачынства, здзейсненае дзіцем, зарэгістравана ў Гомельскай вобласці

27 кастрычніка, Позірк. У Беларусі кожнае пятае злачынства, здзейсненае дзіцем, зарэгістравана ў Гомельскай вобласці, там жа назіраецца рост дзіцячай злачыннасці, паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 кастрычніка ў Мінску намеснік начальніка аддзела па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Васіль Дземідовіч.

У цэлым па краіне, заявіў ён, “назіраецца зніжэнне дзіцячай злачыннасці, але гэта адназначна не падстава для самазаспакаення”.

Каля 40% здзейсненых дзецьмі злачынстваў — крадзяжы. Далей, паводле слоў Дземідовіча, ідуць хуліганства, махлярства, незаконнае абарачэнне наркотыкаў. Міліцэйскі начальнік паведаміў, што ў асноўным дзеці здзяйсняюць злачынствы ў выходныя дні, траціна выпадкаў адбываецца ўначы.

“Калі ўзяць сацыяльны партрэт непаўналетняга злачынцы, то гэта падлетак 15–16 гадоў, навучэнец сярэдне-спецыяльнай установы адукацыі. Як правіла, у поле зроку міліцыі не трапляў, з поўнай і забяспечанай сям’і, пражывае ў буйным населеным пункце”, — сказаў ён. Галоўнай прычынай здзяйснення злачынстваў дзецьмі міліцыянер назваў “жаданне зарабіць хуткіх і лёгкіх грошай”.

Паводле інфармацыі Дземідовіча, у Беларусі пачасціліся злачынствы з удзелам непаўналетніх, “дзе прадметам злачыннага замаху з’яўляюцца парагенератары або вэйпы”.

Для прафілактыкі дзіцячай злачыннасці, сказаў ён, МУС “працуе з самімі непаўналетнімі, іх бацькамі і педагогамі”. “Што да педагогаў і бацькоў, наша праца тут скіраваная на давядзенне інфармацыі пра спосабы ўцягвання дзяцей у супрацьпраўную дзейнасць. Як вызначыць, што дзіця з’яўляецца збытчыкам наркотыкаў, альбо спажыўцом, як вызначыць, што дзіця стала ахвярай сэксуальнага гвалту. Гэта таксама немалаважная праблема”, — падкрэсліў міліцыянер.

Паводле яго слоў, МУС пастаянна нагадвае пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць, арганізуе круглыя сталы, лекцыі ва ўстановах адукацыі. “Сумесна з урачамі-нарколагамі запрашаем людзей, што асуджаныя за здзяйсненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, і знаходзяцца ва ўстойлівай рэмісіі. Яны ж на сваім досведзе распавядаюць дзецям пра праблемы, з якімі сутыкнуліся”, — паведаміў Дземідовіч.

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Мялешка заявіў, што падчас канікулаў (29 кастрычніка — 7 лістапада) міліцыя будзе “працаваць ва ўзмоцненым рэжыме”, “адсочваць абстаноўку ў месцах канцэнтрацыі непаўналетніх”.

Падзяліцца: