Мінск 22:40

Кубракоў назваў фэйкам і часткай інфармацыйнай вайны звесткі аб дачыненні міліцыянта да рабавання фур

Фота: прэс-служба МУС

30 траўня, Позірк. “Адказна заяўляю: гэта чарговы фэйк. Адкрыта, ідзе інфармацыйная вайна, і нас спрабуюць скампраметаваць”, — заявіў дзяржСМІ 30 траўня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, каментуючы інфармацыю аб дачыненні супрацоўніка сістэмы МУС да рабавання фур.

“Крымінальнай міліцыяй УУС Гомельскага аблвыканкама распрацоўвалася група грамадзян, якія займаліся крадзяжом з фур. Тая група — да аднаго чалавека — была затрыманая. У складзе гэтай групы, і гэта я адказна заяўляю, няма ні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ні людзей, якія маюць або мелі хоць бы найменшае стаўленне да праваахоўных органаў альбо да сілавога блоку”, — сказаў ён.

20 траўня прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне пецярых жыхароў Воршы (Віцебская вобласць), якія абкрадалі фуры на стаянках.

“Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замак грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам — ад тэхнікі да харчавання — і з’язджалі з месца злачынства. Скрадзенае потым прадавалі ў Расеі або карысталіся ім самі”, — гаварылася ў паведамленні.

У крымінальнай справе шэсць эпізодаў.

Выданне “Наша Ніва” 23 траўня са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што КДБ затрымаў супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС (Віцебская вобласць) капітана міліцыі Міхаіла Згірскага па абвінавачванні ў кіраўніцтве бандай налётчыкаў.

Падзяліцца: