Мінск 04:31

Lawtrend: З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.665 НКА

Крыніца: lawtrend.org

6 чэрвеня, Позірк. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца траўня 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.665 некамерцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец красавіка было ліквідавана не менш 1.622 НКА, сакавіка — 1.601, лютага — 1.563, студзеня — 1.533, снежня 2023-га — 1.509. На канец снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытых некамерцыйных арганізацый.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец траўня не менш за 1.033 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі (1.003 — у канцы красавіка, 997 — у канцы сакавіка, 981 — у канцы лютага, 969 — у канцы студзеня, 960 — у канцы снежня 2023-га) з улікам пададзеных іскавых заяў аб прымусовай ліквідацыі ў суд, прымусовага выключэння з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец траўня такіх было 632, красавіка — 619, сакавіка — 604, лютага — 582, снежня 2023-га — 564, снежня 2022-га — 416.

Адзначаецца, што рашэнне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным з-за ціску на членаў НКА, неспрыяльнага прававога асяроддзя і грамадска-палітычнай сітуацыі.

Lawtrend падкрэслівае, што сярод НКА, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, — спартыўныя, прафесійныя грамадскія аб’яднанні, геранталагічнае грамадскае аб’яднанне і аб’яднанне спажыўцоў.

“Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца: ператрусы, затрыманні, выклікі “на гутаркі”, узбуджэнне адміністрацыйных і крымінальных спраў, у тым ліку ў сувязі з ахвяраваннямі фондам салідарнасці і іншым структурам, дапамогай палітвязням і іх сем’ям. Для падаўлення грамадзянскага актывізму працягвае актыўна выкарыстоўвацца заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, — адзначаецца ў аглядзе.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўлады спрабуюць цалкам узяць пад кантроль і здушыць актыўнасць беларусаў, якія выехалі за мяжу. Распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да вялікай колькасці грамадзян Беларусі, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю за мяжой, арыштоўваецца іх маёмасць, аказваецца ціск на сваякоў.

Падзяліцца: