Мінск 16:58

Польшча створыць забароненую зону на мяжы з Беларуссю 13 чэрвеня — пакуль на 90 дзён

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Памежнай аховы Польшчы

11 чэрвеня, Позірк. Забарона на знаходжанне на пэўнай тэрыторыі ў зоне, якая мяжуе з Беларуссю, будзе ўведзеная 13 чэрвеня, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Адпаведная пастанова будзе падпісаная 12 чэрвеня і пасля набыцця моцы на наступны дзень будзе дзейнічаць на працягу 90 сутак. Зона ахопіць участак мяжы працягласцю 60,67 км у граніцах тэрыторый памежных пастоў у Нарэўцы, Белавежы, Дубічэ-Царкеўнэ і Чаромхе.

У тым ліку на ўчастку працягласцю каля 44 км забароненая зона ахопіць 200 м углыб краіны ад лініі дзяржмяжы. На ўчастку працягласцю каля 16 км у зоне запаведнікаў (гаворка пра Белавежскую пушчу) — на 2 км ад мяжы, адзначае МУС Польшчы.

Ведамства падкрэслівае, што меркаваная тэрыторыя забароненай зоны з большага не будзе ўключаць у сябе населеныя пункты і турыстычныя маршруты, каб абмежаванні былі як мага менш цяжкімі для жыхароў, турыстаў і бізнесу.

Абмежаванне доступу старонніх асоб скіраванае на “гарантаванне бяспекі насельніцтва, у тым ліку супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў”. Гэтыя меры, як сцвярджаецца, таксама павінны “абмежаваць дзейнасць груп кантрабандыстаў, якія садзейнічаюць незаконным дзеянням”.

Пра напады на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Еўрасаюз з беларускай тэрыторыі, публічна паведамлялася напрыканцы траўня і на пачатку чэрвеня. На пасяджэнні Рады нацбяспекі 10 чэрвеня ў Беластоку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што за апошні час на ўсходняй мяжы было здзейснена 50 нападаў на салдат.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітака, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітак зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

За некалькі гадзін да нападзення на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі.

Дэмакратычныя сілы Беларусі ўсклалі адказнасць за гібель памежніка і напады на мяжы на рэжым Лукашэнкі.

27 кастрычніка 2023 года, каментуючы плыні нелегальнай міграцыі з Беларусі ў краіны Еўрасаюза, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць не будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — “Позірк”.) іх паклікалі. Няхай ідуць”.

Паводле яго слоў, перш за Беларусь дапамагала ЕС абараняць яго знешнія рубяжы, бакі рэалізоўвалі сумесныя праекты па міграцыі. Мінск перастаў садзейнічаць барацьбе з нелегальнай міграцыяй, калі “Еўрасаюз увёў санкцыі і пачаў эканамічную вайну супраць Беларусі”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: