Мінск 01:16

Лукашэнка: Якасць школьных падручнікаў — сур’ёзная недапрацоўка Мінадукацыі на працягу шэрагу гадоў

21 верасня, Позірк. Якасць школьных падручнікаў — сур’ёзная недапрацоўка Мінадукацыі на працягу ўжо шэрага гадоў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы 21 верасня.

Мяне вельмі непакоіць, што да іх якасці па-ранейшаму ёсць пытанні. Мы вымушаны рэагаваць на звароты грамадзян і разбірацца, што не так з нашымі падручнікамі”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў выступоўцы, пры напісанні новых падручнікаў і дапаможнікаў аўтары “думаюць катэгорыямі дасчедчаных выкладчыкаў і іншых спецыялістаў”, а такі падыход няправільны: “На іх (навучэнцаў. — Позірк”.) трэба глядзець. Яны не валодаюць такімі ведамі, як мы. І досведу ў іх ніякага. Таму арыентавацца трэба на іх і рыхтаваць падручнікі пад іх. І сістэму адзнакі ведаў (экзамены і іншае) таксама рабіць пад іх”.

Ён адзначыў, што яшчэ 24 жніўня 2021 года на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе настойваў на недапушчальнасці “пастаяннага перакройвання навучальных праграм і планаў і бясконцага выдання новых падручнікаў”, на неабходнасці “вярнуцца да савецкага досведу, узяць лепшыя дапаможнікі і іх паступова дапрацоўваць, удасканальваць, а не друкаваць новыя”.

Лукашэнка мяркуе, што новы калектыў заўсёды арыгінальнічае: “Гэта нікому не трэба. Галоўны прынцып працы нашай дзяржавы і любых працэсаў, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве, — гэта спакойнае ўдасканаленне таго, што напрацавала чалавецтва. Мы стаім, як я казаў, паўтараючы цытату вялікага, на плячах гігантаў (фразу прыпісваюць фізіку Ісааку Ньютану. — “Позірк”.).Не трэба саскокваць з гэтых плячэй — мы страцім усё тое, што чалавецтва напрацавала да нас. Трэба выкарыстоўваць гэта ў імя будучыні. Таму трэба ўдасканальваць і не саромецца ўзяць найлепшае з таго, што было”, — заклікаў выступоўца.

18 жніўня Лукашэнка даручыў Генпракуратуры і Камітэту дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу па тэме падручнікаў.

У сацыяльных сетках бацькі школьнікаў выказваюць незадаволенасць якасцю падручнікаў, а часам знаходзяць у іх арфаграфічныя памылкі. Найперш гэта тычыцца падручнікаў на беларускай мове, адзначае Media-Polesye.by.

Школьныя падручнікі перавыдаюць найперш з-за карэкціроўкі школьных праграм. Паводле даных Мінадукацыі, у 2015 годзе былі распрацаваны новыя навучальныя праграмы па ўсіх школьных прадметах, якія паэтапна ўкараняліся ў адукацыйны працэс да 2017 года. Да 2015-га дзейнічалі навучальныя праграмы, зацверджаныя ў 2008-м, калі тэрмін атрымання агульнай сярэдняй адукацыі быў зменшаны з 12 да 11 гадоў. Гэта адбылося аднамомантна паводле рашэння Лукашэнкі. Школьнікі асвойвалі праграму апошніх трох гадоў навучання за два гады.

У 2022 годзе таксама адбыліся змены ў школьнай праграме.

Сярод іншага ў школьным адукацыйным працэсе сталі выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання аб “генацыдзе беларускага народа”, прадстаўленыя Генпракуратурай, паведамляла Мінадукацыі.

Напрыклад, у 4-м класе (навучаюцца дзеці ва ўзросце 10 гадоў) у вучэбную праграму прадмета “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” дададзена тэма “Трагедыя беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны”.

У 2023 годзе ўжо былі выдадзены падручнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З 2023 года з’явіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў. Пры гэтым беларускія ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Падзяліцца: